Яўген Садоўскі нарадзіўся і рос у Салтанах, цяпер тут жа растуць яго чацвёра дзяцей. У маладосці ён не гнаўся за асаблівай навукай, адвучыўся на звычайнага кіроўцу-слесара. Але аднойчы вырашыў працаваць без начальнікаў і самастойна працаваць на зямлі. Завёў 10 галоў жывёлы, пераараў соткі і засадзіў бульбай.

З вокнаў невялікага вясковага дома Садоўскага бачны старадаўні млын. Падобныя збудаванні з'явіліся яшчэ ў XVI стагоддзі, і іх называюць «казлоўкі» з-за канструкцыі, якая абапіралася на магутныя брусы-казлы. Такія млыны паварочваліся ўсім корпусам на казлах па кірунку ветру, і нездарма гэты стаіць на прадзьмуваным месцы — у полі, на ўскраіне вёскі.

Апошнія 30 гадоў млын маўчыць. А калісьці, успамінаюць старажылы, вятрак карыстаўся вялікім попытам. Малоць зерне ў Салтаны ехалі з усёй акругі. Ля старадаўняга млына нават чэргі збіраліся. Зерне везлі на конях мяхамі, а потым з мукі пяклі хлеб.

Мясцовыя распавядаюць, што млыну мінімум 150 гадоў і што ў Салтаны яго прывёз мясцовы млынар Язэп Сіняўскі, нібыта з тэрыторыі цяперашняга Валожынскага раёна. Сям'ю мясцовага млынара памятае мясцовая жыхарка Яўгена Васільеўна. Кажа, Сіняўскія былі заможныя, але «гаротныя». Сам гаспадар быў добрым чалавекам і хвацкім будаўніком, многае рабіў сваімі рукамі, гадуючы трох дзяцей. Ён шмат працаваў і амаль ніколі не адпачываў: прыйдзе з млына, «прытуліцца» да падушкі і зноў на млын, таму ў хаце і мяса хапала, і каровы свае былі.

94-гадовая бабуля ўспамінае, што ў 1920-1930-я гады сям'ю раскулачылі і выслалі ў Казахстан. Спачатку вярнулася жонка з дачкой, а потым Язэп з сынам. Кажа, сам Сіняўскі і мог пабудаваць гэты млын.

Але калі паглядзець на карту 30-х гадоў, «казлоўкі» ў Салтанах яшчэ не было, затое падобныя стаялі ў вёсках Літва і Журэвічы. Выходзіць, млын і праўда перанеслі ў Салтаны з іншай мясцовасці, хоць яго ўладальнік і быў майстрам на ўсе рукі.

Па словах старажылаў, Язэпа Сіняўскага не стала прыкладна ў 50-х гадах. Мельнік памёр «на сваім млыне». Потым малоў зерне яго сын, які пазней з'ехаў з Салтаноў. А ў 90-х працаваў мельнікам дзед Яўгена Садоўскага. З тых часоў млын заціх і не дае мясцовым спакою, таму што павольна, але няўхільна развальваецца.

«У Салтаны круглы год прыязджаюць турысты. І аўтобусамі, і нават па снезе на ровары едуць. Завесці яго ўжо наўрад ці атрымаецца. Нешта знішчана часам, нешта самі людзі расцягнулі. Ад лопасці ў «казлоўкі» засталася адна спіца, прагнілі бэлькі, няма ўжо і лесвіцы, па якой падымаліся наверх», — кажа Яўген.

Апошнія гады Яўген Садоўскі адчайна спрабуе вярнуць млыну былую славу. План выратавання намаляваўся даўно: каркас ветрака ўмацаваць, а побач паставіць працоўную копію, каб турысты, наведваючыся ў Салтаны, уяўлялі, як нашы дзяды з залатых зярнят здабывалі каштоўную муку.

Ідэю Яўгена падтрымліваюць і мясцовыя жыхары, і нават дырэктар ААТ «Гарадзілава», якое знаходзіцца з Салтанамі ў адным сельсавеце.

«Я гатовы дапамагчы матэрыяльна, калі будзе выразны праект па аднаўленні млына», — сказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Грамовіч.

Аднак ёсць адно нечаканае «але». Афіцыйна млын не належыць ні гаспадарцы, ні Гарадзілаўскаму сельвыканкаму. Гэта пацвердзіла і дачка Яўгеніі Васільеўны — Алена, якая амаль 20 гадоў адпрацавала ў Гарадзілаўскім сельвыканкаме. І дадала, што ў старадаўняга ветрака могуць быць нечаканыя спадчынныя ўладальнікі.

«Дачка Сіняўскага ўжо ў старэчым узросце і жыве ў Валожыне. Яна атрымала ў спадчыну бацькоўскую хату ў Салтанах і некалькі гадоў таму яе прадала. То-бок фактычна гэта быў дагавор куплі продажу: зямля, дом і пабудовы. Хутчэй за ўсё, млын у гэтым дагаворы не лічыцца і не фігуруе. Ён і стаіць у полі, а не на зямлі з хатай».

Алена мяркуе, што такі паварот не выключае, што на млын па лініі Сіняўскіх могуць прэтэндаваць нашчадкі.

Яўген Садоўскі побач з макетам млына. Макет гатовы на 60%

Яўген Садоўскі побач з макетам млына. Макет гатовы на 60%

Мясцовыя гавораць, што новым гаспадарам разам з хатай прапаноўвалі купіць млын. Але тыя нібыта адмовіліся. Незразумела, ці лічыўся дзесьці млын першапачаткова. Бо на балансе сельвыканкама ён ніколі не быў, удакладняе Алена. Гэтую інфармацыю пацвердзіла і спецыялістка сельвыканкама, куды мы патэлефанавалі як турысты. Так і стаіць вятрак без гаспадара і ўжо не супраціўляецца вятрам часу.

Яўген Садоўскі, які задумаў захаваць тое, што засталося, паспрабаваў «зблізіцца» са старадаўнім ветраком: арандаваў побач зямлю, але тую частку, на якой стаіць млын, энтузіясту не далі.

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
10
Абуральна
3