Згодна з даследаваннем «HomeNet» за 1998 год, «шырокае выкарыстанне інтэрнэту суправаджаецца зніжэннем камунікацыі карыстальнікаў унутры сям'і» і «звужэннем іх сацыяльнага кола». І, што гучала яшчэ больш пагрозліва, гэта прыводзіць да «ўзмацнення дэпрэсіі [ўдзельнікаў] і адзіноты».

Гэтае даследаванне ілюструе вельмі простую жыццёвую праўду: тэхналогія, якая выцясняе ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі з рэальнага жыцця ў віртуальнае, пагаршае наш дабрабыт. А каб у поўнай меры скарыстацца перавагамі сучасных лічбавых інструментаў, мы маем выкарыстоўваць іх з мэтай паляпшэння нашых адносін, а не замены іх.

Пандэмія стварыла новы імпульс для даследаванняў сацыяльных сувязяў.

У адным артыкуле ў часопісе New Media & Society даследчыкі вывучылі амаль 3000 дарослых на працягу першых месяцаў пандэміі і зрабілі відавочныя высновы: электронная пошта, сацыяльныя сеткі, анлайн-гульні і тэкставыя паведамленні не з'яўляюцца адэкватнай заменай для асабістых зносін.

Сацыяльная сувязь з’яўляецца ключом да шчасця, а памяншэнне яе робіць горш як вам, так вашым блізкім, асабліва дзецям. Адно з апытанняў 2014 года паказала, што 62% дзяцей у ЗША лічылі, што іх бацькі занадта адцягненыя, каб слухаць іх; прычынай № 1 было выкарыстанне тэлефона бацькамі.

Агулам зразумела, як сёрфінг у інтэрнэце пагаршае сацыяльныя сувязі. Але ж віртуальная камунікацыя, напрыклад, тэкставыя паведамленні, па задуме мае быць інтэрактыўнай і менш шкоднай.

Праблема ў тым, тэкставыя паведамленні не вельмі добра перадаюць эмоцыі, таму што мы не чуем і не бачым нашых суразмоўцаў. Тое самае тычыцца сацыяльных сетак, якія часцей выкарыстоўваюцца не для зносін з адным чалавекам, а для трансляцыі на шырокую аўдыторыю.

Гэтыя тэхналогіі нагадваюць чорна-белую піксельную версію Моны Лізы ў параўнанні з арыгіналам: яе можна ідэнтыфікаваць, але яна не здольная выклікаць аналагічных эмацыйных эфектаў.

Мы імкнёмся пераскокваць ад чалавека да чалавека і такім чынам камунікуем павярхоўна. Вось чаму асабістыя размовы, як правіла, больш глыбокія, чым размовы праз тэкст.

У нядаўнім доўгатэрміновым даследаванні падлеткі, якія часцей пісалі тэкставыя паведамленні, як правіла, адчувалі больш дэпрэсіі, трывогі, агрэсіі і мелі горшыя адносіны з бацькамі.

Можа здацца дзіўным, што мы добраахвотна прымаем тэхналогіі, якія шкодзяць нашаму шчасцю. І тут ёсць два асноўных тлумачэнні: зручнасць і ветлівасць.

Бавіць час перад экранам відавочна прасцей, чым размаўляць з чалавекам. А тэкставыя паведамленні хутчэй і прасцей, чым візіт або тэлефонны званок.

У час, калі тэкставыя паведамленні і сацыяльныя сеткі паўсюдна распаўсюджаныя, многія людзі непакояцца, што звязвацца праз старамодныя сродкі сувязі будзе нязручна для іншых. Падлеткі сцвярджаюць, што тэлефанаваць сёння камусьці — гэта проста груба. У 2019 годзе даследчыкі выявілі, што сем'і, якія жывуць на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, часта аддаюць перавагу асінхронным зносінам у выглядзе тэкставых паведамленняў, каб мінімізаваць уварванне ў чужы час.

Адмова ад інтэрнэту і выключэнне віртуальных зносін са свайго жыцця — не рашэнне. Аднак вы можаце навучыцца выкарыстоўваць тэхналогіі, каб дапаўняць, а не замяняць вашы стасункі. Вось два спосабы зрабіць гэта.

1. Абярыце актыўную камунікацыю замест пасіўнага сёрфінгу.

У гэтым правіле няма нічога рэвалюцыйнага — раней бацькі загадвалі малым выходзіць з сябрамі на вуліцу, а не глядзець тэлевізар. Адрозненне ад сённяшняга дня толькі ў тым, што тады тэлевізар не змяшчаўся ў кішэні.

Выкарыстоўвайце опцыі, якія інфармуюць вас пра час, які вы праводзіце ў сацыяльных сетках і інтэрнэце. Абмяжуйцеся гадзінай у дзень ці менш. Яшчэ адзін папулярны падыход, які яшчэ не быў правераны ў акадэмічных даследаваннях — пераключэнне вашых прылад з каляровых на адценні шэрага. Некаторыя сцвярджаюць, што гэта значна скарачае час пасіўнага сёрфінгу.

2. Стварыце камунікацыйную іерархію.

Неразумна чакаць, што хтосьці перастане пісаць тэкставыя паведамленні, але вы можаце менш карыстацца гэтым, калі ў вас ёсць «парадак дзеянняў» для размоў з сябрамі, калегамі і блізкімі. Калі гэта магчыма, паспрабуйце сустрэцца асабіста — асабліва са сваімі блізкімі.

Даследаванне, праведзенае ў 2021 г. у часопісе Computers in Human Behavior Reports, паказала, што чым больш людзі мелі асабістых зносін са сваімі партнёрамі, тым больш яны адчувалі сябе зразумелымі і задаволенымі. Калі сустрэцца немагчыма, выкарыстоўвайце тэхналогію відэасувязі або размову непасрэдна голасам. Адпраўляйце тэкставыя паведамленні толькі для неасабістых або тэрміновых спраў.

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2