Заснавальнік Sports.ru беларус Дзмітрый Навоша. Фота: s0.rbk.ru

Заснавальнік Sports.ru беларус Дзмітрый Навоша. Фота: s0.rbk.ru

«Як «экстрэміст», заснавальнік забароненага спартовага сайта і гэтак далей, я не здзіўлены. Усе там будзем, — напісаў Дзмітрый Навоша «Нашай Ніве» ў адказ на просьбу пракаментаваць рашэнне Следчага камітэта аб завядзенні першай завочнай справы супраць пяці палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнка. — Урэшце, у кожнага, хто ясна выказваецца супраць крадзяжу выбараў і не глядзіць абыякава на лукашысцкі тэрор, будуць адбіраць, што змогуць — нерухомасць (на маю кватэру ўжо накладзены арышт), грамадзянства.

Да апошняга дня лукашызму яны будуць з наўмысным чмяканнем жэрці людзей — каб трымаць астатніх у страху і пакоры.

Думаю, залішне казаць, што я не лічу сябе вінаватым хоць па якіх-небудзь з выстаўленых абвінавачанняў. Больш за тое, я не схільны лічыць сябе ахвярай (у параўнанні з людзьмі ў турмах асабліва): я жыву поўным жыццём і працую ў вольным свеце, дзе прысуды лукашысцкіх судоў нікога не цікавяць», — напісаў «Нашай Ніве» Навоша.

Ëн лічыць, што лукашысты «не кантралююць больш нічога, акрамя гвалту ўнутры канцлагера, які часова існуе на месцы Беларусі».

«Калі пазбавяць грамадзянства? — працягвае Дзмітрый. — Так, ніякага іншага грамадзянства ў мяне няма. Але ўжо як-небудзь цывілізаваныя краіны дапамогуць тым, каго праследуюць па палітычных матывах. Так, кватэру шкада — але яна вернецца разам з вяртаннем у Беларусь свабоды. Больш таго, гэтым сваім непрыкрытым рабаваннем лукашысты адчыняюць скрыню Пандоры.

Здаецца, цяпер становіцца зразумела, за чый кошт дзяржава будзе пасля выплачваць кампенсацыі палітвязням (я не пра сябе, а пра тых, хто сядзіць цяпер у турмах). Гэта будзе нерухомасць людзей, на якіх пакуль трымаецца рэпрэсіўная машына», — прагназуе Навоша.

«Увогуле, стаўлюся да чарговай крыміналкі і будучага «суда» як да яшчэ адной порцыі праклёнаў ад Мукавозчыка або новага крыку Азаронка ў мой адрас: белы шум. Гэта не асабліва ўплывае на маё жыццё, а вось на іх — яшчэ паўплывае», — напісаў Дзмітрый.

Клас
135
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
1