З-за высокіх цэн на энерганосьбіты за апошнія тыдні многія гарады Нямеччыны ўжо адмовіліся ад начнога асвятлення славутасцяў, помнікаў і выбітных будынкаў, такіх як ратушы, музеі або бібліятэкі. У Берліне павінны адключыць ад начнога асвятлення каля 200 аб'ектаў. З 1 верасня згодна з пастановай аб энергазберажэнні афіцыйна ўводзіцца абмежаванне на асвятленне грамадскіх будынкаў, а падсвятленне рэкламных шыльдаў дапускаецца толькі на некалькі гадзін. Вулічныя ліхтары таксама пачалі ўключаць на 30 хвілін пазней і выключаць на 30 хвілін зранку. Але ёсць і станоўчыя моманты ў такіх новаўвядзеннях.

Змяншаецца забруджанне паветра

Паводле ацэнак няўрадавай арганізацыі International Dark Sky Association, прыкладна траціна ўсіх вонкавых ліхтароў у Злучаных Штатах гарыць без патрэбы кожную ноч. Яшчэ да энергетычнага крызісу і росту цэн эканомія магла складаць 3 мільярды долараў у год. Паколькі выкапнёвае паліва па-ранейшаму з'яўляецца асноўнай крыніцай энергіі ва ўсім свеце, звычайнае выключэнне непатрэбнага святла дапамагае паменшыць забруджанне паветра і шкодныя выкіды.

У Індыі, напрыклад, праз надмернае асвятленне выкідваецца 12 мільёнаў тон CO2 у год, паведаміў DW Паван Кумар з Цэнтральнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта Рані Лакшмі Баі ў Індыі. Гэта прыкладна ўдвая менш, чым агульны аб'ём выкідаў СО2 ад паветраных і марскіх перавозак краіны за год.

Навошта нам патрэбна цемра

Сёння больш за 80 працэнтаў гарадскога насельніцтва жывуць пад забруджаным ад святла небам, а ў Еўропе і ЗША гэты паказнік дасягае нават 99 працэнтаў. Для гэтых людзей сапраўднай цемры ўжо практычна не існуе.

Згодна з даследаваннем, праведзеным у Англіі і Уэльсе ў 2015 годзе, тое, наколькі светлае ці цёмнае месца, не ўплывае на ўзровень няшчасных выпадкаў або злачыннасці.

Дастатковая цемра ноччу карысная для здароўя. Даследаванні паказваюць, што хваробы вачэй, бессань, атлусценне і, магчыма, нават дэпрэсія звязаны са штучным святлом. Святло ад экранаў нашых прылад і белых святлодыёдаў ў памяшканні перад сном можа парушаць рытм сну. Іншае даследаванне паказвае, што дзеці і падлеткі, якія жывуць у раёнах з вялікай колькасцю штучнага асвятлення, менш спяць і часцей пакутуюць ад эмацыйных праблем.

Гармон мелатанін тут мае цэнтральнае значэнне. «Калі мы не выпрацоўваем гэты гармон з-за таго, што падвяргаемся ўздзеянню вялікай колькасці святла ў сваёй кватэры, у нашым біялагічным гадзінніку узнікаюць праблемы», — кажа Крыстафер Кіба, доктар, геаінфарматык даследніцкага цэнтра у Патсдаме.

Жывёлы і расліны таксама любяць цемру 

Птушкі будуць мець больш шанцаў не страціць арыентацыю пры пералётах над больш цёмнымі гарадамі, бо яны лёгка губляюцца над светлым горадам.

Што тычыцца насякомых, то выключаныя лямпы могуць выратаваць цэлыя папуляцыі іх. Як усім вядома, святло надзвычай прываблівае ўсіх начных насякомых, ад камароў да мух і молі. Толькі ў Германіі кожнае лета іх памірае каля 100 мільярдаў, таму што яркі вулічны ліхтар замяняе месяц, па якім казуркі звычайна арыентуюцца. Вынік: насякомыя лётаюць вакол ліхтара без перапынку,а на наступны дзень яны настолькі знясіленыя, што больш не могуць размнажацца і гінуць.

Начное асвятленне таксама ўплывае на апыленне раслін. Даследаванне, апублікаванае ў 2017 годзе, паказала, што расліны, якія растуць каля вулічных ліхтароў, значна радзей апыляюцца ноччу. Дрэвы таксама адчуваюць уплыў начнога асвятлення. Яны звядаюць раней, калі знаходзяцца побач з вулічнымі ліхтарамі. 

Клас
30
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?