22-гадовая праваабаронца Махса Аміні з іранскага Курдыстана прыехала ў Тэгеран праведаць сваякоў. 13 верасня яе затрымаў спецыяльны атрад паліцэйскіх, якія сочаць за выкананнем шарыяцкіх нормаў. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што яна замест хіджаба мела хустку. І з паліцэйскага пастарунка жывой яна ўжо не выйшла.

Паводле афіцыйнай версіі, Махса Аміні памерла ў пастарунку праз праблемы з сэрцам. Але, па звестках СМІ, дзяўчына памерла ў шпіталі. Туды яе даставілі з пастарунка моцна збітай, з пераламаным чэрапам, і яна знаходзілася ў стане комы. Пра яе смерць было аб'яўлена 16 верасня.

Як сцвярджаюць сваякі Махсы Аміні, яна была цалкам здаровай маладой жанчынай і не мела ніякіх сардэчных захворванняў.

Некалькі дзён таму да магілы дзяўчыны ў горадзе Сагез у іранскім Курдыстане сталі прыходзіць незадаволеныя людзі. Калі ў натоўпе пачуліся крыкі «Далоў дыктатара!», па пратэстоўцах адкрылі агонь на паражэнне, забіўшы і параніўшы некалькі чалавек. Гэта прывяло да масавых акцый пратэсту па ўсёй краіне. 

Падчас пратэстаў жанчыны спальвалі хіджабы, зразалі валасы і дзяліліся гэтым у сацсетках. Людзі крычалі «Далоў дыктатара!» і «Жанчыны, свабода, жыццё!».

У апошні час Іран узмацняе рэпрэсіі супраць нязгодных з кансерватыўным рэжымам, у тым ліку змагарамі за правы жанчын. Узмацняюцца і рэпрэсіі супраць саміх жанчын, у тым ліку тых, якія не маюць дачынення да палітычнага актывізму. Напрыклад, цяпер выносяцца смяротныя пакаранні за шлюбную здраду або за самаабарону ў сітуацыі хатняга гвалту.

Клас
6
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
53
Абуральна
95