Кансэкрацыя касцёла Святой Тройцы ў Сянне — апошнім раённым цэнтры Віцебшчыны, дзе дагэтуль не было сталага каталіцкага храма

Даўнейшы, пабудаваны францішканцамі ў XVII стагоддзі, быў зруйнаваны ў 1962 годзе. А новаўтвораная на пачатку гэтага стагоддзя парафіяльная супольнасць тулілася ў часовай капліцы каля збудаванага ў 1809 годзе францішканскага кляштара, які па сённяшні дзень з’яўляецца самым старым каменным будынкам мястэчка.

Інтэр’ер новага касцёла — цалкам плод думкі і рук ураджэнца Сянна айца Міхала Ермашкевіча, дамініканіна, пробашча парафіі.

А самым славутым з яго папярэднікаў быў ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы аматарам літаратуры пад псеўданімам Андрэй Зязюля. Ён пахаваны на мясцовых могілках, а памятны знак на яго сімвалічнай магіле і крыж пры ёй былі ўсталяваныя ў 2003 годзе з ініцыятывы тадышняга пробашча парафіі паляка Януша Прусіноўскага. Ён за два гады працы ў Беларусі вывучыў нашу мову так, што здагадацца пра яго паходжанне было немагчыма.

Фота 5 — група таварышаў, кансэкраваных і свецкіх, на чале з біскупам Алегам Буткевічам пры магіле святара-паэта па літургіі з нагоды кансэкрацыі касцёла 17 верасня. Пасярод — аўтар усіх, апроч гэтага, здымкаў — Васіль Мядзюха.

Падобна, у Сянне што ні крок — то артэфакт. Пры ўваходзе ў будынак колішняе земскае ўправы (пач. ХХ стагоддзя), каля сціплых бюстаў Маркса ды Леніна — пліта, знойдзеная ў 2011 годзе на полі ля вёскі Вялікі Азярэц з выявамі гербаў — магчыма, нейкіх старых польскіх родаў (праца па росшуку звестак вядзецца).

Не так далёка ад будынка ўправы (цяпер — музея і дзіцячай бібліятэкі), на ўзгорку пры разгалінаванні вуліц, — яшчэ адзін (ці нават не адзін) артэфакт — каменны крыж і далучаная да яго пліта з надпісамі, што сумуюць у чаканні даследчыкаў і больш утульнага месца для дэманстравання сябе прыгожых люду паспалітаму.

Клас
49
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0