«Трэба ўсё-ткі развярнуць прапаганду здаровага ладу жыцця. Трэба займацца гэтым проста, не аддаваць на водкуп, не думаць, што гэта нейкая другарадная рэч: п'юць мужыкі і далей піць будуць», — заявіў у сярэдзіне жніўня Уладзімір Пуцін на сустрэчы з в.а. кіраўніка Уладзімірскай вобласці Аляксандрам Аўдзеевым.

Пуцін удакладніў, што ў рамках барацьбы з алкагольнай залежнасцю «нельга нічога забараняць, нельга займацца залішнім уздымам коштаў, акцызаў». Наадварот, трэба весці «прапаганду здаровага ладу жыцця», а таксама «развіваць інфраструктуру для заняткаў спортам і надаць належную ўвагу аб'ектам культуры».

За некалькі дзён да гэтага Пуцін сустракаўся з іншым губернатарам — кіраўніком Кіраўскай вобласці Аляксандрам Сакаловым (сустрэчы праходзілі перад выбарамі ў гэтых рэгіёнах; і Сакалоў, і Аўдзееў, паводле афіцыйных звестак, перамаглі). І прэзідэнт Расіі зноў загаварыў пра алкаголь — а дакладней, пра «высокі ўзровень алкагалізацыі насельніцтва» ў монагарадах рэгіёна.

«Не трэба нічога запіхваць кудысьці пад дыван, лакіраваць нічога, трэба займацца самымі вострымі праблемамі, — пераконваў Пуцін Сакалова. — Я прашу вас звярнуць на гэта ўвагу».

Да гэтага Пуцін ніколі так часта не казаў аб праблемах з алказалежнасцю ў Расіі. Адзін з рэдкіх каментарыяў на гэтую тэму прагучаў з яго вуснаў падчас традыцыйнай прэс-канферэнцыі ў 2016 годзе. Тады журналіст спытаў прэзідэнта пра барацьбу з нелегальным абаротам тэхнічнага спірту — пасля таго, як у Іркуцку 77 жыхароў да смерці атруціліся «глогам». Пуцін у адказ заявіў, што алкагалізацыя сапраўды — праблема для Расіі. Аднак тут жа аптымістычна дадаў, што, напрыклад, у краінах Паўночнай Еўропы п'юць дакладна не менш (гэта няпраўда).

Яшчэ больш дзіўнымі заявы Пуціна на сустрэчах з губернатарамі робіць тое, што ні Уладзімірская, ні Кіраўская вобласці не адносяцца да рэгіёнаў з самым высокім узроўнем алкагольнай залежнасці ў насельніцтва. Міністэрства аховы здароўя РФ не дае статыстыку па гэтым паказчыку па ўсіх суб'ектах Федэрацыі, але ведамства паведамляла, што найгоршая сітуацыя — на Далёкім Усходзе і на поўначы краіны, а таксама ў Пензенскай вобласці. Аднак з іх губернатарамі прэзідэнт пра «алкагалізацыю насельніцтва» не размаўляў.

Крыніца «Медузы», блізкая да Крамля, патлумачыла, што для губернатараў згадка гэтай тэмы таксама стала нечаканасцю — бо яна не ўваходзіць «нават у дзясятку актуальных» у гэтых рэгіёнах: «Гэта не тое, што турбуе людзей». Сакалоў і Аўдзееў былі збянтэжаныя — і не зразумелі, чаму прэзідэнт раптам загаварыў пра гэта. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сказаў «Медузе»: заявы Пуціна звязаныя з тым, што рэгіёны Сакалова і Аўдзеева «выбіваюцца з агульнага трэнду» апошніх гадоў на зніжэнне ўжывання алкаголю ў Расіі.

Аднак дзве іншыя крыніцы «Медузы», блізкія да адміністрацыі прэзідэнта Расіі, настойваюць, што Пуцін зрабіў гэта не з-за статыстыкі. Па іх словах, прэзідэнт пачаў надаваць асаблівую ўвагу гэтай праблеме, таму што на фоне вайны ва Украіне расійскія чыноўнікі сталі значна часцей і значна больш піць алкаголю. Асабліва трывожыць Пуціна стан «некаторых людзей з яго блізкага кола», падкрэслілі крыніцы «Медузы».

«Людзі з лютага так здымаюць стрэс. Міністры, іх намеснікі, нават некаторыя віцэ-прэм'еры, работнікі адміністрацыі прэзідэнта і Рады бяспекі, частка кіраўнікоў дзяржкарпарацый, губернатары», — распавядае адзін з суразмоўцаў выдання. Ён таксама адзначыў, што асноўная прычына гэтага «стрэсу» звязаная з рэальнай шкодай, нанесенай Расіі ўварваннем і санкцыямі, — тады як Пуцін нібыта лічыць, што з гэтымі цяжкасцямі чыноўнікі павінны лёгка спраўляцца. Як раней ужо пісала «Медуза», пра тое, што прэзідэнт вырашыў пачаць поўнамаштабную вайну з Украінай, да 24 лютага сярод расійскіх чыноўнікаў не ведаў амаль ніхто, таму многія з іх у першыя месяцы вайны былі ў поўнай разгубленасці і «не ведалі, што рабіць».

«Прыселі [у лютым] на стакан, хтосьці ўцягнуўся», — рэзюмавала адна з крыніц.

Пры гэтым два суразмоўцы «Медузы», блізкія да Крамля, адзначаюць, што, паводле іх назіранняў, правалы Расіі на фронце ніяк не ўплываюць на стаўленне чыноўнікаў і топ-менеджараў да алкаголю: «У іх свая вайна, свае праблемы».

Крыніцы «Медузы» мяркуюць, што сітуацыя з ужываннем алкаголю сярод вышэйшых расійскіх кіраўнікоў і чынавенства пачала турбаваць Пуціна, бо «дысцыпліна стала цярпець»: хтосьці знікае перад важным мерапрыемствам, хтосьці невыразна і блытана дакладвае. Гэта ўжо бачыць шырокая публіка.

Суразмоўцы выдання мяркуюць, што Пуцін не збіраецца звальняць тых, хто правініўся: «Пакуль будуць толькі намёкі і мяккія патрабаванні». Аднак сітуацыя можа змяніцца: па сцвярджэнні крыніц «Медузы», некалькі гадоў таму адзін з расійскіх губернатараў ужо страціў сваю пасаду менавіта з-за алказалежнасці.

Сам Пуцін, як сцвярджаецца ў СМІ, цяпер амаль не п'е (у адрозненне ад студэнцкіх гадоў). Але, напрыклад, ён публічна распавядаў, як аднойчы адзначаў свой дзень нараджэння са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам: «Не буду хаваць, выпілі па чарцы гарэлкі, проста нарэзалі нейкую каўбасу».

Таксама Пуцін дыскутаваў з вытворцамі алкаголю, якія на сустрэчы з прэзідэнтам заявілі, што «рускія людзі літаральна выраслі на алкаголі». Прэзідэнт не пагадзіўся з гэтым сцвярджэннем і заявіў: «Я вырас на малацэ на матчыным. <…> Нават добры, якасны алкаголь усё роўна на аснове спірту. Сілу дае на вельмі кароткі прамежак часу, а потым…»

У 2020 годзе Пуцін паведаміў: «Стараюся не піць піва ў апошні час. Жывот расце».

Клас
6
Панылы сорам
6
Ха-ха
22
Ого
3
Сумна
6
Абуральна
10