Падаляк сказаў, што цяпер на дэакупаваных тэрыторыях будуць праводзіцца праверкі насельніцтва на прадмет супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. На яго думку, як такога калабарацыянізму, які мае дакладнае юрыдычнае вызначэнне, на акупаваных тэрыторыях няшмат.

Падаляк лічыць, што, у асноўным, гэта людзі, якія не знайшлі сябе — аўтсайдары, няўдачнікі, людзі з крымінальнымі схільнасцямі, тыя, якія няправільна разумеюць сучаснае ўладкаванне свету.

У прыклад Падаляк прывёў Сяргея Аксёнава, Кірыла Страмавусава, Дзяніса Пушыліна, якія станавіліся лідарамі акупацыйных адміністрацый, наўмысна ішлі на супрацоўніцтва з акупацыйнай уладай, праяўлялі ініцыятыўнасць, здавалі людзей з праўкраінскімі поглядамі, «сталі здраднікамі ў самым вульгарным сэнсе».

Такія людзі, якія наўмысна ішлі на супрацоўніцтва з расіянамі, занялі пасады ў структурах акупацыйнай улады, будуць асуджаныя на розныя тэрміны рашэннем суда, прагназуе Падаляк. 

Ён таксама прывёў прыклад, як за некалькі дзён да вызвалення Харкаўскай вобласці некаторыя людзі ўдзельнічалі ў прапагандысцкіх мерапрыемствах, расказвалі, «як моцна яны хочуць атрымаць расійскі пашпарт».

«Безумоўна, гэта ўсвядомленая пазіцыя, якая выразна кажа пра тое, што яны свой выбар зрабілі. Ідэалагічна для іх Украіны як дзяржавы не існуе, яны падтрымліваюць канцэпцыю Пуціна, што такой краіны няма, яны публічна адракліся грамадзянства Украіны, паказалі, што гатовыя супрацоўнічаць з акупантамі. Да іх будуць ужытыя, вядома ж, юрыдычныя нарматывы. Гэта значыць, у залежнасці ад цяжкасці злачынства, якое будзе інтэрпрэтаванае як дзяржаўная здрада, яны будуць атрымліваць тыя ці іншыя тэрміны», — сказаў ён.

Работнікі сацыяльнай сферы — дактары, настаўнікі, па словах Падаляка, будуць праходзіць сумоўе.

Ён кажа, што чалавек мог працаваць у сацыяльнай сферы, але пры гэтым «ініцыятыўна паведамляць», што нейкі яго калега гаворыць дрэнна пра Расію, распаўсюджвае «фэйкі» пра расійскае войска.

«Тое, што ён не працаваў у акупацыйнай адміністрацыі, не здрадзіў сваёй краіне, — кажа Падаляк. — Калі чалавек здаваў суседзяў, пісаў даносы — неабходна да тых людзей прымяняць юрыдычныя нарматывы».

Асобнае пытанне журналіст задаў пра настаўнікаў, якія працавалі на акупаваных тэрыторыях і выкладалі паводле расійскіх праграм. 

Падаляк сказаў, што гэта важнае пытанне.

«Гэты педагог жыў ва Украіне і разумее, што тут адбывалася. І вось ён выходзіць да дзяцей і пачынае распавядаць, што Расія — гэта выдатная краіна, што мы самі справакавалі вайну, што тут нейкія біялабараторыі, тут НАТА і амерыканцы. Гэты чалавек не можа больш працаваць настаўнікам», — кажа Падаляк.

Ён аргументуе гэта тым, што такі настаўнік паведамляў загадзя лжывую інфармацыю, ён прымае для сябе фэйкавую гісторыю, якую спрабуе данесці да дзяцей і такім чынам паўплываць на выхаванне дзяцей.

На думку Падаляка, гэта значна больш небяспечнае злачынства, нават чым супрацоўніцтва з адміністрацыяй. «Таму што ён наўмысна скажаў тыя падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, апраўдваў ваенныя злачынствы і такім чынам ламаў псіхіку маладога пакалення»

«Гэта нашмат больш небяспечная гісторыя. Я думаю, што вось гэтыя ўсе гісторыі будуць разглядацца індывідуальна», — кажа Падаляк.

Ён лічыць, што ў падобных выпадках украінскім уладам будзе значна складаней працаваць, таму што юрыдычнай трактоўкі тут не будзе — будзе «сацыяльная трактоўка». 

«Чалавек у гэтым рэгіёне наўрад ці застанецца працаваць», — дадае ён. 

Падаляк лічыць, што такія гісторыі не будуць масавымі.

«Я думаю, што на практыцы акажацца, што 90% настаўнікаў або адмовіліся выходзіць на працу, або адмовіліся працаваць па методыках. А вось гэтыя 10% штрэйкбрэхераў, калабарантаў з настаўнікаў, я думаю, што яны знаходзяцца ў гэтым караване, які з'язджае ў бок у Расійскай Федэрацыі», — сказаў Падаляк.

Чытайце таксама:

Расійскі бок паведамляе, што расійскіх педагогаў ва Украіне не затрымлівалі, але крымінальную справу па гэтым факце завёў

Клас
67
Панылы сорам
6
Ха-ха
7
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
12