Фота носіць ілюстратыўны характар

Фота носіць ілюстратыўны характар

Добраахвотна-прымусовы патрыятызм

Бацькі вучняў старэйшых класаў расказваюць, што іх прымушаюць запісваць дзяцей на факультатывы патрыятычнага напрамку. 

«Тое, што цяпер патрыятычнае выхаванне ў школах выходзіць на новы ўзровень, стала зразумела адразу пасля бацькоўскага сходу і лінейкі на 1 верасня. На сходзе больш за 80 адсоткаў часу прысвяцілі так званаму патрыятычнаму выхаванню. Анансавалі новыя факультатывы і г.д. Пытанні адукацыйнага працэсу сышлі на другі ці нават трэці план і амаль не абмяркоўваліся», — згадвае адзін з бацькоў. 

Па яго словах, сярод бацькоў знаходзіліся людзі, якія намагаліся нешта выказваць супраць такой палітыкі ў адукацыйным працэсе, але кіраўніцтва школы іх хутка спыняла, даючы зразумець, што лепш гэтаму не супрацьстаяць.

«Натуральна, што запіс на ўсе гэтыя патрыятычныя факультатывы адбываецца добраахвотна-прымусова, у лепшым выпадку настаўнікі кажуць, што «вы самі ўсё разумееце». Каб трапіць на факультатыў — трэба напісаць заяву, дзе вы пазначаеце, што нібыта самі просіце арганізаваць факультатыўны занятак па гісторыі Беларусі па праграме ВАВ».

За адмову абяцаюць праблемы на экзаменах

Адзін з бацькоў, які адмовіўся запісваць сына на «добраахвотны» факультатыў, распавёў наступную гісторыю:

«З-за адмовы напісаць заяву на факультатыў, прысвечаны тэме ВАВ, мяне выклікалі ў школу і вельмі настойліва прапанавалі ўсё ж напісаць заяву. Каб пераканаць мяне, яны выкарыстоўвалі розныя метады: ад засаромлівання — быццам я дрэнны тата — да пагроз у выглядзе праблем на экзаменах і не толькі. Таксама казалі, што ў выпадку чаго будуць дзейнічаць праз жонку, якая працуе ў дзяржаўнай установе».

Мужчына кажа, што яму ў выніку прапанавалі напісаць адмову ад факультатыву, тым самым парушыўшы логіку таго, што наведванне — рэч добраахвотная, а не абавязковая. Такой заявы бацька таксама не пісаў.

Пра шантаж праблемамі на экзамене казалі і іншыя бацькі, чые дзеці вучацца ў старэйшых класах.

Так, адны з іх распавядаюць, што падчас урачыстай лінейкі замест традыцыйныга шпацыру 11-класніка з першакласніцай са званочкам у іх была ўрачыстая цырымонія ўзняцця дзяржаўнага сцяга. 

У некаторых школах ужо паспелі правесці сустрэчы з кіраўніцтвам мясцовых суполак БРСМ, дзе вучняў актыўна агітавалі ўступіць у іх шэрагі. 

«Тым, хто адмаўляецца ўступаць у БРСМ, кажуць, што праз гэта ў іх могуць узнікнуць праблемы пры паступленні ў ВНУ, маўляў перавагу для залічэння будуць аддаваць бээрсээмаўцам», — кажа мама аднаго са старшакласнікаў. Такія пужалкі ў школах расказвалі і ў ранейшыя гады, каб хоць неяк зрабіць план па чальцах дзяржаўнай моладзевай арганізацыі, аднак у рэальнасці гэта членства ніяк не ўплывала.

Новы адукацыйны курс на сабе адчулі і настаўнікі

«На нарадах настаўнікам і адміністрацыі школы прамым тэкстам казалі, што патрыятызм мусіць цяпер паўсюль праходзіць чырвонай ніткай», — дзеліцца сталічная настаўніца. 

У яе школе яшчэ не паспелі вырашыць пытанні з арганізацыяй патрыятычных факультатываў. 

«Добраахвотна-прымусовы характар для беларускіх школ — рэч не новая, раней таксама настаўнікаў нагружалі рознымі пытаннямі, якія нібыта можна было выконваць па жаданні, але на справе ўсе разумелі, што добраахвотнага там нічога няма. Сёлета ўсё гэта проста выйшла на новы ўзровень. І калі раней былі школы, дзе, напрыклад, уступаць ў шэрагі таго ж БРСМ асабліва ніхто не прымушаў, то цяпер такога хутчэй за ўсё ўжо не будзе», — мяркуе настаўніца. 

Іншы педагог таксама звяртае ўвагу, што сёлета на ўсіх нарадах і сходах галоўнай тэмай было патрыятычнае выхаванне, а не сама адукацыя. «Выглядае, што цяпер галоўная мэта школы — не даваць веды па прадметах, а выхаваць патрыётаў».

У некаторых бацькоўскіх чатах настаўнікі актыўна распаўсюджваюць навіны пра беларускую міліцыю. Кажуць, адміністрацыя школы абавязвае рабіць скрыны з такіх чатаў, каб справаздачыцца аб выкананні задачы па распаўсюдзе праўладнай інфармацыі.

Мяркуючы па расповедах суразмоўцаў, разуменне патрыятызму ў школах з большага аднолькавае, але ёсць і некаторыя адрозненні. Адныя звяртаюць увагу на тое, што школу ўпрыгожвалі не толькі ў колерах дзяржаўнага беларускага сцяга, але і расійскага, іншыя адзначаюць, што менавіта сёлета ўпершыню за ўвесь час дырэктарка школы на 1 верасня выступала на беларускай мове. 

А што ў садках?

З'яўленне патрыятычнага выхавання адчулі на сабе і бацькі дашкалят. У адных дзіця пачало ўключаць і слухаць гімн на разумнай калонцы, іншыя пачулі, які дзяця спявае гімн па дарозе да дому. Бацькі кажуць, што не ведаць, як правільна рэагаваць на такую з'яву, таму проста не завастраюць на гэтым увагі.

«З аднаго боку, ведаць гімн сваей краіны — гэта нармальная рэч, але мы жывем у краіне, дзе ўсё, што звязана з дзяржаўнымі ініцыятывамі, як мінімум выклікае неадназначныя пачуцці», — кажа маці дашкаляткі.

Чытайце таксама: «А вы па-беларуску размаўляеце, таму што прынцып? У нас рускамоўная школа, у дырэктара адразу будуць пытанні»

Клас
3
Панылы сорам
21
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
3
Абуральна
120