Як вывозіла родных

У першыя дні была вялікая колькасць людзей, якія мелі патрэбу ў маёй дапамозе, якія прасілі, каб іх вывезлі. Мы на працягу 15 дзён на аўтобусах, машынах вывезлі каля 100 сем'яў. Мая каманда — дзяўчаты, якія знаходзяцца ў Кіеве, мае ахоўнікі, мае памочнікі, адміністратары — я сабрала ўсіх, каго магчыма, дапамагаць. Я дала грошай на транспарт, усе ўключаліся ў працу.

У гэты момант Украіна моцна з'ядналася. Я ніколі не бачыла, каб людзі так шчыра, так па-сапраўднаму хацелі дапамагаць адзін аднаму.

Мая сястра знаходзілася зусім побач ад Ірпеня, тата быў у Ірпені. Ён сказаў, што нікуды не паедзе са свайго дома, і гэта нават не абмяркоўваецца. Нашы ўгаворы з мамай ні да чаго не прыводзілі. Мама была са мной у Маскве.

Малодшая сястра, у якой снарады лёталі побач, кожны дзень са мной развітвалася. Я прасіла: толькі не кажы маме, каб у яе не было інфаркту, кажы, што ў вас ціха, што ў вас спакойна.

Але мама чытала навіны з раніцы да вечара, яна казала, што ўсё ведае. Яна прасіла, забяры мне Ксюшу, калі ласка, забяры Ксюшу, ты вывезла столькі людзей.

Я засынала з тэлефонам, я сабрала ў чаце групы людзей па катэгорыях: сям'я, каманда, сябры, і вось мы пачыналі наш дзень з перапіскі, я патрабавала, каб усе пісалі справаздачы, ці ўсе жывыя, ці ўсё ў парадку, каму што трэба. Былі тыя, хто прынцыпова не хацеў з'язджаць, бо не верылі, што гэта можа працягнуцца доўга. Таму людзі заставаліся ў падвалах, некаторыя нават не хаваліся ў падвалы, проста чакалі. Пакуль не выбухнуў суседні дом, як у майго бацькі. Ён прасядзеў у доме да 6 сакавіка, калі выбухнуў ноччу суседні дом. Ён мне тэлефануе: Светачка, трэба ехаць, я думаю, што мы паміраем.

А ў нас у доме жывуць тры сям'і — маміна стрыечная сястра з мамай сваёй вельмі старэнькай, якая ледзь ходзіць, з трыма вялікімі дваровымі сабакамі, і мамін родны брат з сям'ёй, з дзецьмі дзяцей. У нас як італьянскі дворык.

Я ўжо амаль усіх угаварыла, каб усе ў машыну селі, каб проста з'ехалі. У гэты момант выбухае ірпеньскі мост. І мы разумеем, што выехаць яны ўжо не могуць. І вось тата ноччу тэлефануе: ратуй нас, мы не ведаем, што рабіць. А што я магу зрабіць ужо?

Нашы хлопцы ноччу спрабуюць знайсці нейкую сцежку, у гэты час рускія войскі знаходзяцца ўжо ў Ірпені, танкі ездзяць па горадзе. Мама галосіць з раніцы да вечара: забяры бабулю, забяры сястру, ты чужых людзей забіраеш, нашых забраць не можаш.

І ўначы яны садзяцца ў машыну, едуць праз нейкі лес, балота. Я звязалася з нейкімі хлопцамі, якія абаранялі Ірпень, я за гэты тыдзень знайшла каго толькі можна было, у мяне ўсюды былі нейкія памочнікі, якія дапамагалі вывозіць людзей, і яны паказалі сцежку, і сказалі, што трэба скакаць праз балота.

Разганяць машыны максімальна, моцна націскаць на газ і скокнуць, каб праляцець балота. Там тры машыны, пажылыя людзі, тры сабакі, бабуля, якая ляжыць. І вось яны павінны разганяцца і скакаць у балота. Я тэлефаную, кожнаму кажу, калі ласка, толькі рабіце, што вам кажуць. Яны крычаць мне ў слухаўку, мы не ведаем, мы зараз памром. Мама ляжыць, кажа: усё, я не магу, у мяне сардэчны прыступ. Вось так мы вывозілі нашу сям'ю.

Наступны этап — гэта мая сястра, якая таксама не можа выехаць, бо ўзарваныя ўсе масты. А паралельна я вывожу людзей, вывожу сем'ямі. А вось блізкія і родныя знаходзяцца ў самым жудасным стане.

Сястра мне кажа: «Света, я зараз вышлю табе відэа, я запісала апошняе відэа для мамы. Калі мы памром, таму што тут бамбяць, ты, калі ласка, пакажы маме, тату, скажы, што я іх люблю».

У мяне ўсё разрывае, я не магу наогул сабрацца, я пачынаю істэрыць. Гэта было якраз, калі я запісала відэазварот.

Я пачынаю проста тэлефанаваць усім спрэс і маліць прыдумаць спосаб, як вывезці яе. І праз тры дні мы здолелі. Яны ехалі па полі, поле было ўжо замініраванае, яны ехалі і проста маліліся, каб дабрацца, і нам удалося іх выратаваць.

«Я страціла вельмі шмат»

Гэтая гісторыя, якая тычыцца маіх родных. І як пасля таго, што мы перажылі, казаць мне, як многія прыхільнікі мае з Расіі кажуць, што вы нас кінулі, вы нас пакінулі.

Я ўкраінка, я вельмі люблю сваю краіну, для мяне сям'я — гэта самае важнае ў жыцці. Я буду з імі да канца. Я ахвярую сваёй кар'ерай. Я магла спакойна знаходзіцца ў Расіі, мяне ж ніхто не піхаў у спіну, не казаў мне выходзіць з лозунгамі. Я абсалютна свядома разумела, што я з першых дзён вайны іду на бок сваёй краіны і буду з ёй да канца, я буду дапамагаць. Я сабрала вялікі валанцёрскі штаб у офісе, я суткамі дапамагала чым магла, усе, хто звяртаўся да мяне, заўсёды атрымліваў дапамогу, таму што я разумею, што гэта мой абавязак, і па-іншаму я проста не магу.

Як можна быць страусам, як можна хаваць галаву ў пясок? Як я магла застацца ў Расіі і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца? Выходзіць на сцэну, усміхацца ў той час, калі ў маёй краіне такое гора?

Усе павінны разумець, што ўсё скончыцца рана ці позна, і мы з часам пачуем пытанне ад дзяцей, якія вырастуць, мама, што ты рабіла, калі Расія напала на Украіну?

Я хачу адказаць, што я абрала бок святла, я выбрала сваю краіну, я дапамагала сваёй краіне, я хачу, каб мне не было сорамна перад імі. 

Так, я страціла вельмі шмат, я была нумарам адзін у Расіі, і я не змяншаю значнасць таго кар'ернага росту, які там быў, які Расія мне дала, але я не магу ісці супраць свайго сумлення, я хачу застацца чалавекам, хачу, каб мне не было перад сабой сорамна.

Дзе вы былі восем гадоў?

Я вельмі памылялася. Я вельмі вінаватая, што была безуважная, што не цікавілася тым, што адбываецца ў маёй краіне. Але цяпер я бачу, што ўсё вельмі адназначна. Я бачу, што ёсць вайна, я адчула яе на сабе, на сваіх родных.

За паўгода я пасталела. Калі ты перажываеш вялікае гора, вялікую бяду, ты неўсвядомлена сталееш. Я адчуваю сябе нашмат больш дарослай, чым паўгода таму.

Я адчуваю сваю віну ў тым, што проста не ўсведамляла ў 2014 годзе, што гэта пачатак таго, што мы атрымалі сёння. Я не думала пра гэта, я не цікавілася, я займалася сабой і сваёй дзіцячай марай.

Я нарадзілася ў вельмі простай і вельмі беднай сям'і. Бацькі мне казалі: мы ніколі не зможам нічым табе дапамагчы, я ім адказвала: мама, я зраблю ўсё сама, я ўсяго даб'юся.

Калі гэта пачало атрымлівацца, і ва Украіне я была ўжо адным з першых артыстаў, мне гэтага было, вядома, мала, вядома, я хацела большага. І так адбылося, што ў 2014 годзе мае песні сталі вельмі папулярныя ў Расіі. Яны гучалі з кожнага праса.

Я зразумела, што гэта той плацдарм, з якога я магу пайсці далей, далей — Еўропа.

Не было такога пачуцця, што нешта не так. Я нічога не разумела.

Мне сорамна, мне няёмка сёння за гэта. Але, думаю, ніхто з нас не мог нічога такога прадбачыць… Усе разумелі, што гэта канфлікт тэрытарыяльны, канфлікт паміж краінамі, але гэта не была поўнамаштабная вайна. Гэта было недзе там далёка, як нам здавалася. Чаго там казаць, уся творчая ўкраінская інтэлігенцыя, большая частка артыстаў, рэжысёраў, харэографаў, танцораў — мы ўсе працавалі ў Расіі. І, на мой погляд, найлепшы прадукт, які ствараўся ў Расіі, ён ствараўся ўкраінцамі.

Але з 24-га чысла ўсё абнулілася. 24 лютага ўсё стала занадта адназначна. Мы ўсе зразумелі, што гэта вайна, гэта вайна паміж нашымі краінамі. Расія, расійскія войскі напалі на Украіну, расійскае кіраўніцтва дало каманду напасці на Украіну. Няма тут іншых азначэнняў.

Чаму гэта адбылося, як гэта магло адбыцца і за што наогул нам усё гэта, зразумець складана.

У мяне на пачатку гэтага года быў распісаны тур па Расіі, Беларусі. 25-га я дала каманду арганізатарам адмяніць усе гастролі па Расіі, мінскі канцэрт. Я вярнула ўсе грошы за ўсе сольныя канцэрты, у тым ліку за канцэрт на «Мінск-Арэне», за ўсе карпаратывы, якія павінны былі быць у Расіі. 

«Я прачнулася ў Маскве»

Апошнія тры гады я знаходзілася, у асноўным, у Еўропе, жыла паміж трыма краінамі. У Кіеве я займалася сваёй творчай дзейнасцю, у Маскве ў мяне дзеці, таму што Ева, старэйшая, хадзіла там у школу. Пасля 2014 года мы пераехалі ў Маскву і жылі там.

Я прыехала ў Кіеў, каб прайсці праграму, а на 11-ы дзень я захварэла на кавід. І ён у мяне ўдарае па нервовай сістэме, у мяне пачынаюцца панічныя атакі. Я ўпершыню разумею, што такое панічная атака — калі ты паміраеш, табе здаецца, што ў цябе выскоквае сэрца, не хапае паветра. Я толькі больш-менш прыходжу ў сябе і 19-га чысла лячу ў Маскву, да дзяцей.

Я вельмі слабая яшчэ, ляжу ў ложку, мае панічныя атакі патроху сыходзяць, я думаю, дзякуй богу, тыдзень да канцэрта — я неяк прыходжу да свядомасці.

І 24-га раніцай да мяне заходзіць няня ў 05:15 і кажа, што пачалася вайна. Гэта што значыць, пачалася вайна? Я адкрываю тэлефон, а ў мяне ўжо ўвесь тэлефон у паведамленнях ад маіх сяброў з Кіева, ад маёй каманды. І ва ўсіх пытанне: што рабіць? Яны ж ведаюць, што я вырашаю заўсёды ўсё.

А я хаджу па пакоі і наогул не разумею, што рабіць. Я ўпершыню ў жыцці так разгубілася, я была ў такой роспачы, у такім жаху. А яшчэ гэты ціск, калі я нясу адказнасць перад усімі, а я не ведаю, што ім казаць, не ведаю, што ім пісаць. Я проста ў жаху.

Я ў жаху ад разумення, што знаходжуся ў Маскве, тут мае дзеці, мая сям'я, частка маёй каманды.

У мяне было шмат цяжкіх сітуацый у жыцці, шмат цяжкіх момантаў. У мяне быў вельмі цяжкі шлях. Я звычайна храбруся, кажу, што мне заўсёды было вельмі лёгка, і, напэўна, здаецца, што я ўсё атрымала па пстрычцы пальца. Але не, у мяне быў вельмі няпросты шлях, у мяне многае не атрымлівалася. Я была заўсёды адна са сваёй працай, мне ніколі ніхто не даваў грошай, мяне ніхто ніколі не прадзюсаваў, у тым разуменні, што ёсць чалавек, які ўсё вырашае, а ты сядзіш проста і выязджаеш на канцэрты. Я рабіла ўсё сама.

Ну і ўсё. З гэтага моманту ў мяне пачынаецца новае жыццё, жыццё ў пекле.

Як з'язджала з Масквы?

Мне было страшна. Мне было страшна, таму што ў мяне была ўся сям'я там, і мне трэба было на працягу кароткага часу ўсіх сабраць, усё, што можна, вырашыць, і паралельна супакойваць маму, усіх сяброў, якія тэлефанавалі мне, усіх знаёмых, якія прасілі дапамогі. У мяне зноў пачаліся панічныя атакі на нервовай глебе. А я паралельна таму, як я задыхалася, займалася гэтымі рэчамі.

Я, шчыра кажучы, нават баялася што-небудзь пісаць у сеткі, таму што я разумела, што магу не выехаць, і мне ўсе рэкамендавалі нічога не пісаць, пакуль не выеду. Як толькі я выехала, сабрала ўсіх, сабрала каманду, выдыхнула і пачала больш актыўна дзейнічаць і гаварыць.

Пра Зяленскага

Уладзімір Зяленскі абараняе наш народ, нашу Радзіму, і ён стаіць да канца. Ён абараняе свае тэрыторыі. Людзі здзіўленыя стойкасці гэтай,

таму што да гэтага ўсе прэзідэнты збягалі, усе пакідалі нас у бядзе, усе зараблялі грошы, і ім было ўсё роўна. У 2014 годзе ў нас быў канфлікт, але тым не менш наш прэзідэнт гандляваў шакаладам у Расіі, у нас быў канфлікт, але расійскае пасольства працавала ва Украіне, украінскае — у Расіі. Нейкія падвойныя стандарты пастаянна былі.

Ірпень

Калі я з'ездзіла ў Ірпень, у Кіеў — усё памянялася. Гэта быў самы лепшы, самы правільны ўчынак. Я ўбачыла ўсё на свае вочы.

Паездка была вельмі цяжкай, таму што калі ты памятаеш квітнеючы горад, такі ён быў заўсёды, шмат зеляніны. А тут ты бачыш, што 60—70% дамоў цалкам разбураныя, у большай частцы дамоў няма дахаў, гэта ўсё чорнага колеру.

Я прыехала, я тыдзень не магла прыйсці ў сябе, я ўвесь час пра гэта думала, гэта снілася.

Тата прыехаў да мяне, пажыў са мной у Рызе, а праз тры тыдні сказаў, што ён вернецца ў Ірпень. Сказаў: калі буду паміраць, я буду паміраць у сваім доме. «Я стары чалавек, мне патрэбны мой дом, мой ложак, я буду дапамагаць суседзям».

У яго залатыя рукі. У нашых суседзяў няма даху з аднаго боку, няма сцяны — з другога боку. Ён займаецца рамонтам, хоць сам ледзь ходзіць, але яму гэта прыносіць задавальненне, і ён шчаслівы, што можа быць карысны.

Мама цяпер таксама рвецца дадому, я ведаю, што мама такі чуллівы чалавек, яна расклейваецца, я ведаю, што яе ўсё гэта можа зрынуць проста ў шок. Усё чорнае, дамы чорныя, людзі няшчасныя, вочы сумныя, ва ўсіх вочы поўныя слёз.

Пасля таго, як я прыехала ў Ірпень з маёй камандай, мы стварылі фонд «Душа». Я сказала, мы павінны тэрмінова рабіць тур, не магу сядзець больш, мы павінны збіраць грошы. Я раздаю ўсё сваё, але гэта не бясконца — нам трэба зарабляць грошы для таго, каб іх аддаваць.

Цяпер усе сілы нашага ўрада ва Украіне сканцэнтраваныя на фінансаванні арміі, а людзі чакаюць. Але ім засталося чакаць зусім мала часу. Дапусцім, пяціпавярховік, у якім няма даху. Такіх дамоў у Ірпені — 30-40%, і да восені, калі гэтыя дахі не рэстаўруюць, то людзі пазбавяцца цалкам усяго гэтага дома, таму што ён рассыпецца. І цяпер мы пачалі актыўную працу для таго, каб дапамагаць гэтым людзям.

У нас ва Украіне ўсе людзі з'ядналіся, усе дапамагаюць адзін аднаму. І яны шчыра гатовыя дзяліцца апошнім, што ёсць.

Найгоршае, што магло адбыцца

Гэтая вайна — такая жорсткая, такая бязлітасная і такая пагібельная ў дачыненні да таго, што мы — суседзі. Гэта найгоршае, што магло адбыцца. Ёсць вялікая колькасць людзей, расіян, якія жывуць з украінскімі прозвішчамі. Проста ўсё пераплецена. І ідзе брат на брата. Сын прылятае на знішчальніку ва Украіну і руйнуе дамы, забівае ў пасёлку, дзе жыве яго мама.

Чытайце таксама: Былы архіепіскап Гродзенскі Арцемій: Як хочацца памерці так, каб не было сорамна, што я святар!

Унучка Шушкевіча: Улады не дазваляюць выкупіць на могілках месца побач з дзедавым, каб паставіць лаўку і прыходзіць да яго

«Хвароба — душ, які змывае з цябе ўсё лішняе». Каця Пытлева і яе шчыры аповед пра рак

Клас
49
Панылы сорам
5
Ха-ха
7
Ого
7
Сумна
33
Абуральна
21