Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік.

Ігар Леднік быў затрыманы 18 красавіка 2022 года. Напачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля іх ён на волю не выйшаў — быў змешчаны ў Следчую турму № 8 у Жодзіне, нагадвае «Вясна».

Згодна з матэрыяламі справы, Ігар Леднік з чэрвеня па снежань 2020 года прадставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ».

Названы матэрыял апублікаваны ў друкаваным выданні «Пазіцыя» 28 снежня 2020 года, а 7 чэрвеня 2021 года размешчаны на яго сайце ў сетцы Інтэрнэт. У ім ўтрымліваліся загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар ды годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва.

18 ліпеня 2022 г. суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі Ігара Ледніка «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Пракурор запытаў тры гады калоніі. 

Менавіта такі тэрмін і прысудзіў Ледніку суд. Акрамя таго, канфіскацыі падлягае камп'ютар і тэлефон Ігара. Канфіскаваныя пад час вобшуку ў яго кватэры асобнікі часопіса «Пазіцыя» падлягаюць знішчэнню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3