Фота «Бі-бі-сі»

Фота «Бі-бі-сі»

Сафронаву таксама прызначаны штраф у памеры 500 тыс. расійскіх рублёў (каля 21 тысячы беларускіх), паведамляе «Бі-бі-сі».

Івану Сафронаву 32 гады. Ужо больш за два гады ён знаходзіцца ў СІЗА «Лефортава» — яго арыштавалі ў ліпені 2020 года па абвінавачванні ў дзяржздрадзе.

На той момант Сафронаў працаваў у «Раскосмасе», куды ўладкаваўся на пасаду дарадцы кіраўніка дзяржкарпарацыі Дзмітрыя Рагозіна ўсяго за некалькі месяцаў да свайго затрымання.

Да прызначэння ў «Раскосмас» Сафронаў амаль дзесяць гадоў адпрацаваў спецыяльным карэспандэнтам у «Коммерсанте», а затым — у «Ведомостях». Ён пісаў пра расійскі абаронна-прамысловы комплекс, касмічную прамысловасць, экспарт расійскай зброі і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Расіі з замежнымі партнёрамі.

ФСБ абвінаваціла Сафронава ў перадачы сакрэтных звестак замежным спецслужбам, але пра тое, што менавіта ставілі ў віну Сафронаву, доўгі час не было вядома. На стадыі следства матэрыялы справы не паказвалі нават абароне журналіста, спасылаючыся на дзяржаўную тайну.

У жніўні выданне «Праект» апублікавала абвінаваўчае заключэнне па справе Сафронава. Паводле яго, журналіста абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта перадаў грамадзяніну Чэхіі Марціну Ларышу і нямецкаму палітолагу Дэмуры Вароніну сем файлаў з сакрэтнай інфармацыяй аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Расіі з Лівіяй, Алжырам, Сербіяй і краінамі СНД, а таксама пра расійскую вайсковую кампанію ў Сірыі. ФСБ лічыць Ларыша і Вароніна супрацоўнікамі замежнай разведкі.

Ларыш у інтэрв'ю «Бі-бі-сі» адмаўляў дачыненне да чэшскай разведкі. Вароніна, які пражываў у Германіі, арыштавалі падчас яго візіту ў Маскву ў лютым 2021 года і таксама абвінавацілі ў дзяржздрадзе. Ён утрымліваецца ў тым жа следчым ізалятары, што і Сафронаў.

На адным з судовых пасяджэнняў па сваёй справе ён прызнаўся, што агаварыў журналіста. Вароніну прапанавалі пайсці на здзелку са следствам, і ён выдумаў куратара з пазыўным Wichser, што перакладаецца з нямецкай мовы як «дрочар». Аднак у СЗР пацвердзілі існаванне такога куратара.

Таксама з апублікаванага абвінаваўчага заключэння вынікае, што следчыя не знайшлі ніводнага чыноўніка, які перадаваў бы журналісту сакрэтныя звесткі. А інфармацыя, якую ФСБ кваліфікуе як дзяржаўную тайну, практычна ўся была ў адкрытым доступе ў той момант, калі Сафронаў, па сцвярджэнні следства, «перадаваў» яе замежжу, піша «Праект».

Усе пасяджэнні з красавіка праходзілі ў закрытым рэжыме. Пасля таго, як бок абвінавачвання запрасіў Сафронаву 24 гады пазбаўлення волі, адзін з яго адвакатаў, Яўген Смірноў, распавёў, што пракурор проста падчас перапынку ў пасяджэнні прапанавала журналісту прызнаць віну ў абмен на 12 гадоў пазбаўлення волі, але той адмовіўся.

І ФСБ, і Крэмль адмаўлялі, што справа супраць Сафронава звязаная з яго журналісцкай дзейнасцю. Аднак, як высветліла «Бі-бі-сі», сачэнне за Сафронавым у рамках справы аб дзяржаўнай здрадзе пачалі пасля скандалу з-за яго эксклюзіўнай журналісцкай публікацыі ў 2019 годзе.

Таксама ў распараджэнні «Бі-бі-сі» апынуліся два лісты егіпецкіх чыноўнікаў у расійскую Федэральную службу па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, якія былі адпраўленыя ўвесну 2019 года, пасля публікацыі ў «Коммерсанте» тэксту Сафронава і яго калегі Аляксандры Джорджэвіч аб пастаўках Су-35 Егіпту.

Гэтыя лісты ёсць і сярод матэрыялаў справы аб дзяржздрадзе ў дачыненні да Сафронава, распавёў адзін з яго адвакатаў Яўген Смірноў. Як вынікае з апублікаванага ў «Праекце» абвінаваўчага заключэння, следчыя з ФСБ размаўлялі з некалькімі сведкамі па справе менавіта пра тэкст Сафронава пра пастаўкі новага знішчальніка Су-35 егіпецкім ВВС.

Клас
2
Панылы сорам
10
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
25