Каментары ў сацсетках клінікі
Клініка Sas animal service зрабіла пост у інстаграме пра паслугу падразання галасавых звязак (цяпер той пост выдалены, але інфармацыя пра працэдуру ёсць на сайце).
За 260 рублёў там прапануюць зрабіць гадаванцу аперацыю па надсячэнні звязак, у выніку чаго, як тлумачыцца, сабачы брэх будзе менш звонкі. Цягнецца аперацыя 30-40 хвілін, піша клініка.
Блогерка палічыла гэта здзекам над жывёламі, наўмысным калецтвам. Многія яе падтрымалі.
Як ацэньваць такую паслугу?
Некалькі дасведчаных ветэрынараў, сярод якіх два хірургі, расказалі «Нашай Ніве» пра сваё стаўленне і практыку.
«За мой шматгадовы досвед менавіта як хірурга я правёў нямала такіх аперацый. Скажу, што людзі, у якіх адна жывёла, — гэта пару працэнтаў ад кліентаў. Пераважна такія людзі падразаюць звязкі на фоне канфліктаў з суседзямі, — кажа паважаны медык, які выратаваў шмат жывёл ад розных хвароб. —
Сабака вые адна дома, беспрычынна брэша, а дамы старыя, чутно выдатна, пачынаюцца гісторыі: суседзі сабаку могуць біць, труціць, рабіць нейкія дробныя пакасці і сям'і ўласнікаў, пісаць скаргі ў міліцыю і гэтак далей — бывае па-рознаму.
Наступная катэгорыя кліентаў — тыя, у каго некалькі жывёл жыве ў кватэры, і якія не хочуць займацца прафесійнай дрэсіроўкай.
Атрымліваецца, жывёлы застаюцца дома самі, адна пачынае выць ці брахаць, і з гэтага адразу нараджаецца хор. Часам несуцішны хор. І праблемы з суседзямі множацца.
Я б тут, хутчэй, уводзіў бы нейкі закон на колькасць жывёл дома, частыя выпадкі, калі проста па 5-7-10-15 сабак трымаюць у кватэрах. Адсюль усё ідзе, я думаю. І гэта не праблема клінікі.
Ну а асноўныя кліенты — гэта прафесійныя заводчыкі сабак.
У іх існуе праблема, што калі ты гадуеш дзясяткі сабак, то сярод іх бываюць такія «завадатары» — калі адна жывёла пачынае брахаць ці выць, а следам усе астатнія. Гэта робіць жыццё заводчыка невыносным і ён падразае такім «завадатарам» звязкі, бо, натуральна, усыпляць сабаку — апошні метад».
Ветэрынар кажа, што гэта не інвалідызуе сабаку, а робіць яго голас нізкім.
«Зрэшты, каб брахаць, не ўсім сабакам трэба звязкі, ёсць яшчэ паняцце «гартаннага брэху», ён не такі гучны.
А звязкі не выдаляюцца цалкам, а надразаюцца, можна па-ранейшаму разабраць, што сабака хоча выказаць, з адлегласці на некалькі дзясяткаў метраў. Але такую жывёлу іншыя не ўспрымаюць, як завадатара. Яна як бы брэша ў паўголаса ці шэптам.
Прыкладна ў палове выпадкаў поўны голас вяртаецца да жывёлы праз два гады. Некаторыя кліенты прыходзяць праз гэты час яшчэ раз», — патлумачыў доктар.
Ветэрынар з невялікага райцэнтра сказаў, што такія аперацыі ў яго практыцы рэдкія і маюць прычыны.
«За 17 год работы ў сваім горадзе я рэзаў звязкі толькі два разы,
добра памятаю прычыну адной з аперацый: шматкватэрны прыватны дом, складаныя адносіны паміж сем'ямі. Сабака быў не дрэсіраваны і беспрычынна брахаў, што раздражняла суседа (або ён проста пераносіў на жывёлу непрыязнь). І ён абяцаў застрэліць ці атруціць сабаку, адна спроба атручвання была, але жывёла выжыла. Пасля гэтага да мяне прынеслі сабаку падрэзаць звязкі», — тлумачыць доктар.
Трэці ветэрынар падзяліўся, што не лічыць такую аперацыю этычнай, але мяркуе, што ў некаторых выпадкаў яна прадухіляе большую шкоду.
«Калі стаіць пытанне падрэзаць звязкі ці пазбавіцца ад жывёлы — лепш падрэзаць звязкі. Такія аперацыі не нейкая беларуская знаходка, гэта сусветная практыка. У некаторых краінах ЕС іх забаранілі праз намаганні абаронцаў жывёл (хаця яны ўсё адно праводзяцца неафіцыйна), а ў Швейцарыі, напрыклад — робяць.
Ды і не думаю, што гэта большая траўма для жывёлы, чым, напрыклад, кастрацыя», — падсумаваў іншы ветэрынар.





