Бадай, кожны з нас пры пошуку тавараў ці паслуг у інтэрнэце звяртае ўвагу на рэйтынг кампаніі, крамы або нейкага канкрэтнага тавара. Такія паводзіны цалкам натуральныя, бо мы на падсвядомым узроўні лічым, што водгукі пакідаюць такія самыя карыстальнікі, як мы, а значыць хлусіць гэтым людзям сэнсу няма. Пра такую логіку паводзінаў вядома як ўласнікам бізнэсу, так і спецыялістам, якія дапамагаюць прасоўваць брэнд, тавар ці паслугу. 

Часцей за ўсё накручваць рэйтынгі дапамагаюць усё тыя ж SMM-агенцыі, што і ў выпадку з каментарамі пад відэа на YouTube-каналах.

Вогдукі ў Google Maps і «Яндэкс.Карты»

Кампаніі, якія займаюцца накруткай адзнак і водгукаў на картах «Яндэкс» і Google, прапануюць розныя тарыфы. Цана водгуку залежыць ад якасных паказчыкаў. Напрыклад, разгорнутыя каментары на некалькі сказаў каштуюць даражэй за стандартныя выразы накшталт «добры сэрвіс», «усё спадабалася» і г.д. 

Адзін водгук у залежнасці ад зместу каштуе ў сярэднім ад 3 да 5 даляраў. Адзнака без водгуку — каля 1$. У інтэрнэце можна замовіць не толькі пазітыўныя адзнакі і каментары, але і негатыўныя. Нізкія адзнакі па ўсёй бачнасці замаўляюць для канкурэнтаў. 

Заўважна, што за больш высокую цану пасярэднікі прапануюць і больш высокую якасць паслугі, таму верагодна, што калі нехта не пашкадаваў грошы на дарагія водгукі, то яны будуць выглядаць цалкам натуральна.

Апроч водгукаў на «Яндэкс» і Google (праз санкцыі пакідаць адзнакі і каментары на Google ў Беларусі часова не магчыма), адмысловыя агенцыі прапануюць паслугі па напісанні водгукаў на такіх пляцоўках, як Wildberries, Ozon, «Яндэкс.Маркет» і г.д. 

Каменты на Wildberries або Ozon каштуюць па 9 даляраў, а на такіх сайтах, як Оtzovik ці Іrecommend — па 15$. Пры куплі водгукаў па вышэйзгаданых цэнах агенцыі гарантуюць, што каментар будзе напісаны прафесійным аўтарам, які пакіне паўнавартасны водгук з улікам усіх тэхнічных нюансаў згодна з абранай тэматыкай.

На размяшчэнні фэйкавых водгукаў зарабляюць не толькі агенцыі, якія арганізуюць увесь гэты працэс, але і звычайныя карыстальнікі, што адгукаюцца на аб'явы «заробак у інтэрнэце». Для пошуку такой падпрацоўкі існуюць адмысловыя сэрвісы.

Дзе яшчэ выкарыстоўваюць такія схемы?

З выкарыстаннем падобных схем раскручваюць тэлеграм і ютуб-каналы, чаты ў вайбер, старонкі ў сацыяльных сетках і г.д.

У залежнасці ад платформы, на якой трэба здейсніць актыўнасць, выканаўцу даюць заданні. 

Напрыклад, за 0.02 $ трэба знайсці ў ютубе відэа «Наш адпачынак у Турцыі. Аланія». Паглядзець ролік не менш за дзве хвіліны, пасля прагляду падпісацца на канал і націснуць на «званочак». Замоўшчык папярэджвае, што адпісвацца ад канала нельга, інакш выканаўца патрапіць у чорны спіс пасярэдніка.

Такскама некалькі дзесяткаў цэнтаў можна зарабіць падпісаўшыся на чаты ў вайбер, каналы ў тэлеграм і г.д.

Пасля рэгістрацыі толькі на адным з адмысловых сайтаў, якія прапануюць заробак у інтэрнэце, мы ўбачылі больш за 1800 заданняў агульным коштам больш за 800 даляраў. З гэтага вынікае, што сярэдні кошт актыўнасці ацэненьваецца прыблізна ў 45 даляравых цэнтаў.

Цікава, што такім самым чынам накручваюць і рэйтынгі ў Play Market. Ад выканаўцы патрабуюць усталяваць дадатак, пакінуць каментар і ацаніць любы іншы каментар. 

На гэтых жа сайтах размяшчаюць замовы на каментары пад відэа ў ютуб. Заказчыкі звяртаюць увагу на тое, што каментар мусіць мець не менш за 8 слоў, а на аватарцы ў каментара абавязкова павінна быць нейкае фота.

Выглядае, што ўвод карыстальнікаў у зман — асобны від бізнэсу ў інтэрнэце.

Іншы спосаб накруткі рэйтынгаў — giveaway (розыгрышы), якія часцей за ўсё праводзяць у Instagram, на гэтую тэму мы падрабязна пісалі раней. 

Чытайце таксама: Розыгрышы ў Instagram — ашуканства ці рэальная магчымасць атрымаць круты прыз і развіць свой акаўнт?

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
12