Адбылася анлайн-прэзентацыя зборніка аналітычных матэрыялаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі ў 2021 годзе «Беларускі штогоднік». У ім прадстаўнікі экспертнай супольнасці ў розных галінах падвялі вынікі складанага мінулага года. Цяперашняя сітуацыя ў краіне ў поўнай ступені адбілася на самім выданні: шматгадовая рэдактарка «Штогодніка» Валерыя Касцюгова застаецца палітвязнем, яго новы аўтар Ягор Лябядок таксама за кратамі і прызнаны палітвязнем. Некаторые эксперты з мераў бяспекі былі вымушаны рабіць свае агляды пад псеўданімамі.

Нягледзячы на гэта, прэзентацыя адбылася. Аўтары «Штогодніка» абмеркавалі галоўныя тэндэнцыі 2021 года і тое, як яны праяўляюць сябе сёння.

Адным з важных пунктаў анлайн-прэзентацыі стала пытанне пра ўплыў Расіі на Беларусь і яго інструменты.

Палітычны аналітык Анатоль Панькоўскі зазначыў, што ўплыў Расіі на Беларусь цяпер моцны як ніколі. Па-першае, гэта звязана з глабальным лагістычным паваротам на ўсход, Беларусь праз санкцыі страціла сваё транзітнае значэнне, беларускія грузы Лукашэнка вымушаны перанакіраваць на расійскія парты, што ўзмацніла залежнасць ад Расіі.

Страта ўкраінскага рынка таксама наўпрост адбілася на сітуацыі.

Па-другое, краіна жыве ў рэжыме падвойнай акупацыі — рэжыму Лукашэнкі і Расіі, якая выступае па сутнасці як супервізар беларускага рэжыму (напрыклад, Лукашэнка не кантралюе перамяшчэнне войскаў па сваёй тэрыторыі).

Па-трэцяе, зноў стаіць пытанне эканамічнай дапамогі Беларусі. Самы актуальны на сёння варыянт — праграма імпартазамяшчэння. У верасні чакаецца падпісанне доўгачаканага паўтарамільярднага крэдыта на рэалізацыю гэтай праграмы.

Эканаміст Дзмітрый Крук дадае, што самы галоўны інструмент падтрымкі Расіяй беларускага рэжыму — гэта цана на газ. У нас замацаваная цана ў $130 за 1000 кубоў, пры гэтым цэны ў Еўропе сёння — ад 2000 да 3000 еўра. Такога гіганцкага разрыву ніколі не было. Гэта вельмі важны інструмент падтрымкі.

Ёсць яшчэ цана на нафту. Даных па ёй у публічнай прасторы няма, але па ўскосных прыкметах эксперт выказвае здагадку, што з канца мая ёсць дадатковыя зніжкі па цане на яе, гэта звязана з тым, што расійская нафта з вялікімі зніжкамі прадаецца на сусветным рынку.

Праграма ж імпартазамяшчэння, на яго думку, можа стаць сур’ёзнай падтрымкай хай не на ўзроўні краіны, але на ўзроўні асобных прадпрыемстваў гэта значнае фінансавае падсілкаванне.

Доступ на расійскі рынак ва ўмовах санкцый — таксама важная рэч.

Акрамя таго, сёння для беларускай банкаўскай сістэмы Расія стала скарбніцай рэсурсаў. Гэта таксама важная рэч. Банкіры, распавёў Крук, нават вынайшлі такі тэрмін «пераварот партфеля»: доля расійскага рубля дзесьці з 5% вырасла да 30% за апошнія паўгода. І гэта важны трэнд, які будзе ўзмацняцца, мяркуе эканаміст.

«Гледзячы на гэтыя інструменты, можна сказаць, што гэта не прамое субсідаванне і не выгандлёўванне з боку Беларусі. Гэта хутчэй задзейнічанне тых інструментаў, якія выгадныя Расіі і з пункту гледжання бягучай фінансавай сітуацыі, і з пункту гледжання большай прывязкі Беларусі ў сваю арбіту. Таму, вяртаючыся да пытання аб інструментах падтрымкі Расіяй рэжыму Лукашэнкі, я выкажу гіпотэзу, што зведала змены сама мадэль стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй.

Раней гэта быў, умоўна, старэйшы і малодшы партнёры. І малодшы партнёр мог вылучаць нейкія патрабаванні, пагражаць выхадам з ЕАЭС. Цяпер — гэта значна бліжэй да адносін пан — халоп. Пан можа дапамагаць, калі ў яго на тое будзе добрая воля. Гэта значыць, мы па-ранейшаму можам казаць пра інструменты падтрымкі, але логіка прадастаўлення гэтай падтрымкі істотна, на мой погляд, змянілася за паўгода», — кажа Крук.

Аналітык Вадзім Мажэйка закрануў такую сферу расійскага ўплыву як фэйкавыя грамадскія арганізацыі. Традыцыйна гэтыя арганізацыі кантралююцца дзяржавай. Але, паводле Мажэйкі, амаль для ўсіх псеўдаграмадскіх арганізацый і псеўданезалежных аналітыкаў характэрныя цесныя сувязі з Масквой, яны даюць шмат інтэрвʼю расійскім СМІ, супрацоўнічаюць з расійскімі структурамі.

Каму гэтыя людзі больш лаяльныя — расійскім ці беларускім уладам, павінна быць падставай задумацца для рэжыму Лукашэнкі, мяркуе Мажэйка. 

Таццяна Чуліцкая, акадэмічны дырэктар Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA / BIPART, адзначыла рост расійскага ўплыву ў медыйнай сферы, беларусы гэта бачаць у запазычанні наратываў і практык у СМІ. Яшчэ адна важная сфера, дзе расце расійскі ўплыў, — адукацыя. Колькасць беларускіх абітурыентаў, якія зʼязджаюць у Расію, расце.

У дзяржкіраванні традыцыйна добрыя кантакты з расійскімі чыноўнікамі, і можна меркаваць, што колькасць кантактаў на ўзроўні чыноўнікаў як інстытуцыянальных, так і асабістых, расце.

З аналітычнымі тэкстамі «Беларускага штогодніка» можна азнаёміцца па спасылцы.

Клас
4
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
6
Абуральна
25