Як вядома «Нашай Ніве», Белякоў жыве ў Мінску, у Вайсковым гарадку ва Уруччы.

Нядаўна ў яго доме памёр старшыня кааператыва і стала пытанне, каго выбіраць новым — вызваліся тры кандыдаты, сярод якіх Белякоў. 

«Але ніхто, без перабольшванняў, з жыхароў не хацеў бачыць яго кіраўніком. Усе ведаюць, хто гэта такі, ды і ён не дае забыць — павесіў у сябе на балконе чырвона-зялёны сцяг. У лоб сказаць яму «не падавайся» суседзям неяк няёмка было, усе людзі культурныя.

Ды і яны падумалі, хай на практыцы адчуе, што пра яго думаюць», — кажа нам чалавек, знаёмы з ходам выбараў. 

Калі правялі галасаванне і падлічылі вынікі, за Белякова знайшлося пару галасоў, у працэнтах, як жартуюць, паўтарылася сітуацыя з яго кумірам у анлайн-галасаваннях: недзе 3% на 97%. 

«Белякоў пакрыўдзіўся. Зняў сцяг з балкона», — рэзюмуюць знаёмыя з працэсам. 

Дзмітрый Белякоў — былы служачы в/ч 51886 (ГРУ), кіраўнік псеўдаправаабарончай арганізацыі «Сістэмная праваабарона». Да гэтай арганізацыі далучаўся і збеглы польскі салдат Эміль Чэчка, якога ў сакавіку знайшлі ў Мінску павешаным.

Белякоў да падзей 2020-га ні на адной рабоце доўга не затрымліваўся, шукаў варыянты падпрацовак на грошы расійскіх фондаў. 

Пачатак перыяду рэпрэсій даў яму шанец праявіць сябе: Белякоў нараджаў рухі па зачышчэнні мінскіх двароў ад нацыянальнай сімволікі («Антывандал»), а таксама рух па падтрымцы лукашэнкаўскай прапаганды («ІнфаСпецназ»). 

Гродзенская «інфаказачка» Бондарава была заўважана і падабрана Беляковым. 

У органах дзяржаўнай бяспекі поспехамі мужчына не адзначыўся і знайшоў сваё месца ў жыцці дзякуючы кан'юнктуры дэкадансу лукашэнкаўскай сістэмы. 

Клас
10
Панылы сорам
12
Ха-ха
136
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
6