«Агульная дыктоўка» пройдзе ў Беларусі ў чацвёрты раз, у 2020 годзе напісаць тэкст на роднай мове вырашылі больш за 3 тысячы чалавек. Каб стаць паўнапраўным удзельнікам праекта ў 2022 годзе, трэба зарэгістравацца на сайце і адзначыць, як плануеце пісаць: анлайн ці ў Lidbeer Dvor.

3 верасня а 15-й гадзіне на YouTube-канале і на пляцоўцы ў Мінску пачнецца трансляцыя. Да прызначанага часу пад рукой трэба мець толькі ручку і ліст фармату А4. Абмежаванняў па ўзросце, геаграфіі і нават узроўні ведання мовы для ўдзельнікаў няма — для дыктоўкі арганізатары выбралі тэкст сярэдняй складанасці, каб паказаць адначасова і багацце нашай мовы, і яе меладычную прыгажосць.

— Сёлета мы вырашылі не проста выказаць любоў да роднай мовы праз адкрытую дыктоўку, але і набыць для Беларусі каштоўны матэрыяльны скарб. За кожнага ўдзельніка, які дашле сваю працу на праверку, ААТ «Лідскае піва» пералічыць пяць рублёў на набыццё новага экспаната для ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей», для яго вядомага на ўсю краіну філіяла — Лідскага замка, — адзначылі ў кампаніі.

Адправіць сваю працу на праверку можна праз асабісты кабінет на сайце, зрабіць гэта трэба 3 верасня да 19:00. Выстаўляць адзнакі будуць прафесійныя філолагі, свае вынікі з каментарыямі адмыслоўцаў можна будзе ўбачыць праз 3—4 дні таксама ў асабістым кабінеце.

Выдатнікі, якія напішуць дыктоўку на 8, 9 ці 10 балаў, атрымаюць запрашальныя білеты ў Музей лідскага бровара, які адкрыўся ў Лідзе гэтай вясной. На чатырох паверхах гістарычнага будынка сабраныя тысячы экспанатаў, у тым ліку інтэрактыўныя, прысвечаныя гісторыі славутага піўзавода і яго заснавальніка Носеля Пупко.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2