Юры Назараў, архіўнае фота.

Юры Назараў, архіўнае фота.

Кіраўніцтва спраў — гэта вялізная бізнэс-імпэрыя, якая аб’ядноўвае дзясяткі самых розных аб’ектаў: дзіцячыя лягеры, санаторыі, гасьцініцы, рэстараны, фабрыкі мастацкіх вырабаў і іншае. У структуру Кіраўніцтва таксама ўваходзіць Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці.

Новым кіраўніком структуры стаў Юры Назараў, які да гэтага два гады быў віцэ-прэм’ерам, адказным за будаўніцтва, нафтахімію і дрэваапрацоўку. Хто ён такі і чым вядомы?

У дзень прызначэньня Юрыю Назараву споўнілася роўна 60 гадоў. Сам ён родам з Горак Магілёўскай вобласьці. Мясцовыя жыхары расказалі Свабодзе, што адтуль была родам маці чыноўніка Клара, а бацька Віктар быў зь Віцебску. Бацькі пабраліся шлюбам, калі былі на другім курсе мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі. У хуткім часе ў іх зьявіўся першынец — Юры.

У выніку Юрыя гадавалі дзед з бабуляй — матчыны бацькі. Яны жылі ва Ўльяшыне, што за 10 кілямэтраў ад Горак. Школу Назараў канчаў ужо ў раённым цэнтры. Самі ж бацькі Назарава потым жылі ў Кіраўскім раёне Магілёўшчыны.

Пасьля школы Юры паступіў у Тэхналягічны інстытут на спэцыяльнасьць «Лясная гаспадарка». Працаваць вярнуўся на радзіму. Спачатку быў лясьнічым у Зубраўскім лясьніцтве. А ў 1988 годзе стаў дырэктарам Горацкага лясгасу.

У 2001 годзе Назарава забіраюць на пасаду намесьніка старшыні Камітэту лясной гаспадаркі. Як толькі ў 2004 годзе ўтвараецца ўжо Міністэрства лясной гаспадаркі, то Назараў пераходзіць на працу туды намесьнікам міністра.

У 2010 годзе Юры Назараў трапляе на працу ў Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, дзе становіцца намесьнікам Мікалая Корбута. Як толькі структуру ўзначальвае Шэйман, то месца Назараву ўжо не знаходзіцца, яго пераводзяць кіраваць канцэрнам «Беллесбумпрам».

На гэтай пасадзе ён дастаткова рэдка фігураваў у СМІ. Хіба што яркім стаў выпадак у ліпені 2015 году, калі некалькі сотняў рабочых Добрускай папяровай фабрыкі зладзілі забастоўку. Рабочыя былі кітайцы. Назараў тады заяўляў, што завадатараў дэпартуюць зь Беларусі.

У сакавіку 2020 году Назарава прызначаюць віцэ-прэм’ерам. У кастрычніку 2021 году ён казаў, што страты беларускага НПЗ праз санкцыі склалі каля 80 мільёнаў даляраў. Назараў заяўляў, што ў кожнага прадпрыемства ёсьць свой рэцэпт барацьбы з санкцыямі. Сам у санкцыйныя сьпісы заходніх краін чыноўнік ня трапіў.

Назараў часта інспэктаваў беларускія прадпрыемствы ў розных гарадах, адказваў за перамовы па нафце, таксама ў сфэру яго паўнамоцтваў уваходзіла Астравецкая АЭС.

Юры Назараў жанаты. Ягоная жонка працуе лекарам. Адзіная дачка Вікторыя таксама пайшла шляхам маці, скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт.

На сайце ўнівэрсытэту нават ёсьць характарыстыка Вікторыі Назаравай: «Адказная і працалюбівая, у стасунках з выкладчыкамі і аднакурсьнікамі добразычлівая, тактоўная. Карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам у калектыве».

Цяпер Вікторыя працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у РНПЦ дзіцячай хірургіі ў Менску, ёй 28 гадоў. Адметна, што свой інстаграм яна апошнім часам збольшага вядзе па-беларуску. Вікторыя шмат падарожнічае, як па Беларусі, гэтак і па эўрапейскіх і азіяцкіх краінах.

У Юрыя Назарава ёсьць два браты і дзьве сястры. Брат Міхаіл працуе хірургам у расейскім Сочы, ён скончыў Віцебскі мэдычны ўнівэрсытэт. Яшчэ адзін брат Аляксандар жыве ў Кіраўскім раёне.

Сястра Ірына жыве ў Віцебску, працуе выкладчыкам музыкі. Яшчэ адна сястра Ларыса працавала мэдсястрой пад Магілёвам.

Клас
16
Панылы сорам
7
Ха-ха
6
Ого
8
Сумна
5
Абуральна
4