Жывая спадчына вырабу прыпяцкага чоўна захоўваецца ў вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.
«Супольнасць вёскі Перароў лічыць чоўнадаўбленне часткай сваёй культурнай спадчыны, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і з’яўляцца фактарам фармавання лакальнай ідэнтычнасці гэтай супольнасці: яны яшчэ памятуюць са слоў старэйшага пакалення, што човен быў неабходным водным транспартам у кожнай сям'і, бо вёска знаходзіцца на беразе Прыпяці і штогод падчас веснавых разліваў «плавала», пакуль не пабудавалі дамбу», — адзначаецца ў канале Міністэрства культуры.
Ініцыятыва аб наданні традыцыі вырабу чоўна ў Перарове статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці паходзіла ад начальніка навуковага аддзела «Нацыянальны парк «Прыпяцкі» Андрэя Бяспалага. Прыпяцкія чоўны выкарыстоўваюцца ў спаборніцтвах падчас фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», адным з арганізатараў якога з’яўляецца Нацыянальны парк.
Традыцыя вырабу чоўна стане 164-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў адпаведным спісе.
Чытайце таксама:
Майстры, якія вырабляюць чаўны, яшчэ не перавяліся на Палессі





