Фота: vayar.mil.by

Фота: vayar.mil.by

«Украінскія, а пасля і беларускія СМІ сталі разганяць інфармацыю ўкраінскага Генштаба, што нібыта 13000 беларускіх вайскоўцаў падпісалі згоду на ўдзел у вайне ва Украіне. Разведка далажыла.

А я вось думаю — што гэта такое раптам у лесе магло здохнуць, што ў нас вайскоўцаў апытвалі б і пыталіся на гэта згоды? Пры нашай то цяперашняй амаль таталітарнай сістэме? І раней дзесяцігоддзямі ніколі нікога не пыталіся, а рашэнні прымаў адзін чалавек. А з чаго тут раптам дэмакратыя намалявалася, ды яшчэ ў сферы, дзе і ў дэмакратычных краінах яна абмежаваная?

Вельмі не ў стылі такіх рэжымаў, як наш, рабіць апытанні ў тых выпадках, дзе можна абысціся проста загадамі. Калі ў такіх сістэмах пра нешта некага і «пытаюцца», то толькі дэманстратыўна-паказушна, накшталт прымусовага збору прафсаюзамі подпісаў ад рабочых супраць санкцый ці «рэферэндуму» па змене Канстытуцыі. Каб пасля ў гэтыя пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу здабытыя вынікі дэманстратыўна тыцнуць носам міжнародную супольнасць і выдаць іх за голас народа. Вось, маўляў, не мы, а народ наш гэтага хоча, мы ж толькі ягоныя слугі.

А 13 000 патаемна нібыта сабраных подпісаў вайскоўцаў — ці як там афармлялася іхняя згода — чаму мусяць служыць? Паказаць іх Пуціну і сказаць, што мы гатовыя і рвёмся ў бой? Пуцін што, без згоды саміх вайскоўцаў супраць уцягвання беларускай арміі ў вайну? Хіба ў Расіі цяперашняй некага надта пытаюцца перад тым, як гнаць на ўбой? То якая Пуціну і ў беларускім выпадку справа да згоды-нязгоды кагосьці, апрача Лукашэнкі?

Другі ж бок, Украіну і Захад, рэжым нібыта ў зусім адваротным пераканаць хоча — што «мы, беларусы, мірныя людзі», і здымайце за гэта санкцыі. У гэтым кантэксце подпісы вайскоўцаў калі і трэба, то за зусім адваротнае. 

То што тады, трэба паверыць, што рэжым праводзіць апытанкі чыста дзеля любові да сацыялогіі? Больш верыцца ўсё ж у тое, што ўкраінскі Генштаб не першы ўжо раз нешта ў ацэнцы беларускіх рэалій наблытаў», — піша Аляксандр Пашкевіч.

Клас
135
Панылы сорам
16
Ха-ха
12
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
9