Пашпарт ЕС за 12 месяцаў

Грамадзянства любой з краін ЕС дае магчымасць жыць, працаваць і весці бізнэс у Еўрапейскім саюзе. А таксама свабодна падарожнічаць па ўсёй Еўропе і наведваць без візы больш за сто іншых краін. У большасці выпадкаў для шараговага беларуса атрыманне еўрапейскага грамадзянства — гэта складаны і вельмі працяглы па часе працэс.

Тым не менш, у інтэрнэце хапае аб'яў, дзе жадаючым прапануюць атрымаць грамадзянства адной з краін ЕС па тэрмінах ад 12 месяцаў. Мяркуючы па колькасці прапаноў, самым папулярным кірункам з'яўляецца Румынія.

Па словах супрацоўнікаў адмысловых агенцтваў, хуткі шлях да атрымання грамадзянства Румыніі ляжыць па схеме рэпатрыяцыі. Яны звяртаюць увагу на адсутнасць неабходнасці здачы іспытаў пры набыцці грамадзянства.

Каб скарыстацца такой магчымасцю, не трэба мець у родзе карэнных румынаў, дастаткова даказаць, што вашы продкі ў перыяд з 1918 па 1940 год пражывалі на тэрыторыі Румыніі. У яе склад у тыя часы ўваходзіла Рэспубліка Малдова, а таксама Адэская і Чарнавіцкая вобласці Украіны. 

Такім чынам неабходна дакументальна даказаць, што вашыя продкі ў той перыяд пражывалі на вышэйзгаданых землях. І, як вынікае з размоваў з пасярэднікамі, даведку можна атрымаць у незалежнасці ад таго, дзе насамрэч жылі вышы продкі каля ста гадоў таму.

Адкуль з'явяцца «румыны» ў вашым сямейным дрэве?

Супрацоўнікі агенцтваў абяцаюць прааналізаваць сямейнае дрэва і знайсці сваяка, па якім захавалася менш за ўсё інфармацыі. Далей яны робяць запыт аб аднаўленні даных, у адказе на які будуць пазначаны патрэбныя тэрыторыі. Гэта значыць, што яны знойдуць прыналежнасць вашых продкаў да Малдовы альбо Чарнавіцкай ці Адэскай вобласці Украіны. Такі «адноўлены» дакумент і будзе галоўнай падставай для таго, каб атрымаць румынскае грамадзянства, кажуць у агенцтвах.

Абяцаюць, што гэта будзе не проста нейкая незразумелая даведка, а арыгінальны дакумент, які перадаюць у замежнае Міністэрства юстыцыі, дзе ён пройдзе працэдуру апастылявання і будзе прымацца ў Еўропе. Пераправерыць інфармацыю аб рэальным паходжанні вашых продкаў, па словах кантор, ніхто не можа, паколькі такой краіны, як СССР, ужо даўно не існуе. Роўна як і няма агульных баз даных. 

Такі спосаб знаходжання румынскіх каранёў прадстаўнікі падобнага роду бізнэсу называюць «афіцыйным запаўненнем прабелаў у гісторыі».

Колькі гэта каштуе і што ўтойваюць агенцтвы?

Каб такім сумнеўным чынам стаць грамадзянінам Румыніі, вам прыйдзецца выкласці 3500-4000 еўра за паслугі (без уліку паездак у Бухарэст). У залежнасці ад фірмы дадзеную суму падзяляюць на 2-3 плацяжы.

І хоць схема ва ўсіх пасярэднікаў выглядае плюс-мінус аднолькава, абяцанні адрозніваюцца. Адныя кажуць, што запаветны дакумент будзе ў вас на руках усяго праз год, іншыя адводзяць на гэта год-паўтара.

Па словах супрацоўнікаў адной з такіх фірмаў, каб атрымаць такім чынам румынскі пашпарт, вам прыйдзецца двойчы ездзіць у Бухарэст, іншыя ж кажуць, што дастаткова толькі аднаго візіту.

Яшчэ адно адрозненне ў апісанні працэдуры ў падобнага роду авантурах заключаецца ў моўным пытанні. Адны сцвярджаюць, што веданне мовы не патрабуецца зусім, іншыя ўсё ж папярэджваюць, што мінімальна вывучыць яе прыйдзецца, паколькі трэба будзе прымаць прысягу.

Тым не менш, распісваючы ўсё перавагі набыцця румынскага грамадзянства па вышэйапісанай схеме, пасярэднікі чамусьці забываюцца папярэдзіць, што, згодна з дзейным заканадаўствам, Румынія мае права пазбаўляць грамадзянства тых, хто атрымаў яго не па нараджэнні. Сярод падстаў, па якіх яго можна згубіць, ёсць пункт «атрыманне грамадзянства махлярскіх шляхам». 

Польскі кірунак

Акрамя дапамогі з набыццём грамадзянства Румыніі, некаторыя кампаніі гатовыя дапамагчы з атрыманнем карты паляка, якая хоць і не выдаецца ў камплекце з польскім пашпартам, але значна палягчае і паскарае працэс яго далейшага атрымання.

Забягаючы наперад, адзначым, што ў адрозненне ад грамадзянства Румыніі набыццё польскага пашпарта для беларусаў выглядае менш «мутнай схемай». Паколькі не малая частка беларусаў мае магчымасць зрабіць гэта на цалкам законных падставах.

Каб атрымаць карту паляка, дастаткова мець маці, бацьку або аднаго дзядулю ці адну бабулю, у якіх у пасведчанні аб нараджэнні ў графе «нацыянальнасць» будзе прапісана «паляк/полька».

Такія грамадзяне Беларусі могуць прэтэндаваць на карту паляка і далейшае атрыманне польскага грамадзянства на легальных падставах. Праўда, у адрозненне ад «румынскай схемы» тут прыйдзецца спачатку атрымаць карту паляка, потым пастаянны від на жыхарства, а затым ужо падавацца на атрыманне грамадзянства. На ўсё сыдзе ад паўтара да двух з паловай гадоў. Апроч гэта трэба будзе вывучыць мову, мець веды па гісторыі і культуры для здачы экзамену.

За месяц пасярэднікі абяцаюць знайсці польскія карані і падрыхтаваць усе неабходныя дакументы. Кошт паслугі — каля 2000 еўра.

Без экзаменаў не абысціся

А што, калі сваякоў-палякаў няма? Схема ў агенцтваў тая ж, як і ў выпадку з Румыніяй. Яны вывучаюць ваша дрэва і робяць запыт у архіў, пасля даказваюць, што ў дакументах была дапушчана памылка. З'яўленне памылак тлумачаць тым, што на тэрыторыіі СССР у тыя часы было небяспечна называцца палякамі. Пасля ўсіх гэтых дзеянняў заяўніку выдаюць інфармацыю, што, напрыклад, хтосьці з яго бацькоў з'яўляецца этнічным палякам.

Наступны крок пасля атрымання карты паляка — падача на пастаянны ВНЖ. Агенты сцвярджаюць, што калі шчыльна працягваць працаваць у гэтым кірунку, то пастаянны ВНЖ па такой схеме можна атрымаць ужо ў першым трыместры наступнага года. Але за дапамогу ў атрыманні ВНЖ давядзецца заплаціць пасярэднікам яшчэ каля 2000 еўра.

Увогуле, шлях да атрымання польскага грамадзянства па такой схеме займае 2-2,5 года. Для атрымання польскага пашпарта на падставе карты паляка трэба двойчы здаваць іспыты. Першы — пры атрыманні самой карты, а другі — пры падачы заявы на грамадзянства. Атрыманне пастаяннага ВНЖ адбываецца без здачы экзаменаў. 

Чытайце таксама: 

«605 рублёў за адзін дакумент ці чакайце да сакавіка». Як беларусы робяць апастылі ў краіне і ў пасольствах за мяжой

Клас
19
Панылы сорам
7
Ха-ха
10
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
16