Фота: noc.by

Фота: noc.by

Тады, у ліпені 2017-га, 19-гадовая Віялета Скварцова прадстаўляла Беларусь на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў італьянскім Грасэта. Беларуска спаборнічала ў трайным скачку і паказала вынік 14 метраў 21 сантыметр, чаго хапіла, каб атрымаць золата сярод дзяўчат.

Скандал разыграўся падчас цырымоніі ўзнагароджання. Калі Віялета ўжо атрымала свой медаль і рыхтавалася слухаць на п’едэстале гімн Беларусі, арганізатары чэмпіяната чамусьці ўключылі зусім іншую, незнаёмую мелодыю (як высветлілася пазней, гэта быў гімн Босніі і Герцагавіны). На відэа з той самай цырымоніі (зараз яно мае больш за 34 мільёны праглядаў) Віялета спачатку выглядае разгубленай, але потым усё-такі сыходзіць з п’едэстала і, ужо стоячы на газоне ля яго, чакае заканчэння невядомага ёй гімна.

Пасля тлумачэнняў з боку легкаатлеткі арганізатары выбачыліся перад беларускай зборнай і правялі цырымонію ўзнагароджання паўторна — у гэты раз памылак з гімнам не было. Сама ж Віялета распавядала пасля, што ў момант, калі над стадыёнам загучаў чужы гімн, яна адчула вялікую крыўду:

«У першыя долі секунды я спачатку не зразумела, [што гэта не беларускі гімн,] там ішло ўступленне. Я падумала, мусіць, іншая версія гімна. А потым стала вельмі крыўдна за краіну, за сябе. З боку арганізатараў — гэта быў вялікі недагляд. Я пачакала, пакуль паднімецца наш сцяг, пасля я сышла з п'едэстала. Там і стаяла да канца гімна нейкай краіны. Я разумела, што парушаю працэдуру цырымоніі ўзнагароджання і могуць адбыцца санкцыі, аж да пазбаўлення медаля. Але ў той момант мне было вельмі непрыемна, што гучыць гімн не маёй краіны, не маёй Радзімы, за якую я выступаю».

Што было з Віялетай потым?

Прэмія ад Лукашэнкі, шлюб з украінцам і 18 месца на Алімпіядзе

Учынак Скварцовай заўважылі ва ўсім свеце, а ў Беларусі скакуха стала ледзьве не нацыянальнай гераіняй.

«Не лічу, што гэта быў нейкі геройскі ўчынак. Гэта проста такі парыў, я не змагла стаяць на п'едэстале пад чужы гімн. Не магу растлумачыць і прааналізаваць свой учынак. Мне вельмі прыемна, але проста папрашу вас, каб гэтая тэма сябе вычарпала, не ведаю, што сказаць яшчэ», — каментавала яна сама праз некалькі дзён пасля інцыдэнту, калі юніёрская зборная вярталася з Італіі.

Акрамя вядомасці, дзяўчына атрымала гадавы сертыфікат на бясплатную піцу ад сеткі піцэрый, а пазней і прэмію ад Лукашэнкі. Адзнаку «Беларускі спартовы Алімп» дзяўчыне ўручылі за «паспяховае выступленне на міжнародных спаборніцтвах, актыўную грамадзянскую пазіцыю і паважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь».

Што да кар'еры, то пасля Грасэта вынікі беларускі пачалі зніжацца, і да сваіх вынікаў з таго турніра Віялета доўга не магла наблізіцца. На моладзевым чэмпіянаце Еўропы — 2019 ў Еўле Скварцова здолела скокнуць на 13,79 метра і атрымала бронзавы медаль. Праз некалькі месяцаў, у жніўні 2019 года, легкаатлетка ўзяла бронзу ў скачках у даўжыню на чэмпіянаце краіны.

Калі ў 2020 годзе сфальсіфікаваныя выбары, пратэсты і гвалт сілавікоў падзялілі беларускі спорт, Віялета ўстрымлівалася ад публічных выказванняў. Дзяўчына не падпісала ліст спартсменаў за сумленныя выбары, але яе подпісу няма і пад праўладным лістом спартсменаў.

У лютым 2021 года Скварцова выйшла замуж. Яе абраннік — украінскі скакун у даўжыню Уладзіслаў Мазур. У тым жа 2017 годзе, калі Віялета ўзяла золата ў Грасэта, Мазур здабыў сваю галоўную на сёння ўзнагароду — золата ў скачках у даўжыню на моладзевым чэмпіянаце Еўропы.

2021 год нарэшце прынёс Віялеце і добрыя спартовыя вынікі. У лютым 2021 года беларуска выступала на турніры ў польскай Торуні, дзе скокнула на 14,39 метра — асабісты рэкорд для дзяўчыны. Гэтых лічбаў хапіла для таго, каб выканаць кваліфікацыйны нарматыў на Алімпіяду ў Токіа. Але на саміх Гульнях феерыі не атрымалася: лепшы вынік Скварцовай у Токіа — 14,05 метра, што дазволіла легкаатлетцы заняць толькі 18 месца.

Падчас такійскіх Гульняў Віялету згадвалі ў сувязі з галоўным тагачасным скандалам — гісторыяй, калі бягуха Крысціна Ціманоўская не пагадзілася бегчы на Алімпіядзе не сваю дыстанцыю і пасля гэтага адмовілася ад вяртання ў Беларусь, да якога яе прымушалі. Экс-галоўны трэнер нацыяналкі па лёгкай атлетыцы Юрый Маісевіч, які ўдзельнічаў у спробе гвалтоўнага вывазу Ціманоўскай, расказваў, што Скварцова нібыта спрабавала ўрэгуляваць канфлікт мірным шляхам:

«Вось у нас скакуха, Скварцова Віялета. Яна, калі памятаеце, учынак такі зрабіла, калі на юніорскім чэмпіянаце Еўропы ўзнагароджвалі і зайграў не той гімн, яна сышла з п'едэстала. Вось гэта ўчынак. Дык вось, ведаеце, што яна зараз сказала? Калі я ціхенька прагаворваў, прасіў, каго паставіць, Скварцова сказала: дык я магу прабегчы. Гэта чалавек, які скача трайныя. Але, натуральна, трайныя скача — гэта скакуха. Можна паставіць, яна і прабяжыць».

З пачаткам вайны ва Украіне Віялета, як і іншыя беларускія легкаатлеты (і не толькі), страціла доступ да міжнародных спаборніцтваў. Засталіся толькі айчынныя старты. У ліпені на Кубку Беларусі ў Брэсце дзяўчына паказала найлепшы вынік у трайным скачку і перагнала, што цікава, Настассю Мірончык-Іванову.

Гісторыю з гімнам Скварцова звычайна ўжо не згадвае публічна. Але ж у лютым 2020 года дзяўчына ўсё-такі выказалася ў інтэрв'ю пра той выпадак, а таксама пра тое, як зараз ставіцца да нечаканай вядомасці, што на яе абрынулася:

«Не тое, каб я гэтыя два гады была пакрыўджаная. Гэта частка майго жыцця, з гэтым нічога не зробіш, нічога не выправіш. Тым больш калі б мяне вярнулі туды і паставілі на п'едэстал, я зрабіла б тое ж самае. Нешта ўжо пачало забывацца, нейкія моманты памятаю па відэа. Дагэтуль людзі пра гэта нагадваюць, бывае, пішуць — паглядзеў відэа, ты такая малайчына. Стаўлюся да гэтага абсалютна спакойна і не падпускаю ўсё блізка да сябе. Для мяне ўсё гэта было тады максімальна стрэсава, і цяжэйшай была, можа, не сама сітуацыя, а ажыятаж вакол яе. Потым у мяне і вынік крыху на спад пайшоў. Адскакала на дарослым ЧЕ ў Берліне, паказала нармальны вынік для свайго ўзросту, але ў асноўныя спаборніцтвы не прабілася. А потым нешта пайшло не так, і вынікі сталі пагаршацца.

Зараз нармальна стаўлюся да публічнасці, тых жа інтэрв'ю, а на той момант гэта было нібы катаванне. Быццам мяне закавалі ў кайданы і вядуць на гэтае інтэрв'ю, а я іду, павесіўшы галаву. Ёсць медыйныя людзі, якім такое падабаецца, а ёсць я. Цяпер ужо разумею, што гэта частка майго жыцця. Калі ты знаходзішся ў вялікім спорце і паказваеш нейкія вынікі, без гэтага ніяк».

«Узровень нямецкага футбола падае». Як лукашэнкаўцы апраўдваюцца і тлумачаць спартовыя санкцыі

Баскетбаліст Верамеенка пра адпачынак у Крыме: Дзеці ў захапленні. Думаю, яшчэ раз прыедзем сюды

Федэрэр, Раналду, Ібрагімавіч. Вось як вялікія спартоўцы, старэйшыя за 30, захоўваюць форму

Клас
15
Панылы сорам
13
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
1
Абуральна
17