Ковач нарадзіўся ў 1979 годзе ў пасёлку гутнікаў — у Ялізаве Асіповіцкага раёна. 

Пачынаў службу ў 2000-м з пасады патрульна-паставога ў Асіповіцкам РАУСе, потым перайшоў у крымінальную міліцыю аператыўнікам па эканоміцы, у ГУБАЗіКу — з 2004-га. 

З 2018 — намеснік начальніка ўпраўлення. 

«У ГУБАЗіКу апошнім часам ён кіраваў «эканамічным блокам», мае шмат сувязяў сярод камерсантаў. Эканамічныя і карупцыйныя затрыманні — гэта ўсё ягонае», — кажа пра Ковача афіцэр Міністэрства ўнутраных спраў. 

Ковач мае рэпутацыю чалавека, які сочыць за сваім гардэробам, ходзіць на работу ў добрых касцюмах, а таксама ездзіць на БМВ Х5. 

Натуральна, Ковач праявіў сябе ў ходзе падзей 2020 года і наступнага перыяду. 

«Ковач кіраваў захопам подпісаў у офісе Бабарыкі, падчас чаго былі скрадзеныя даныя беларусаў, якія пакідалі подпіс. У наступным гэта стала каштоўным матэрыялам для палявання на людзей з іншымі палітычнымі поглядамі дзяржаўных органах і сілавых структурах. Ковач — герой сістэмы», — кажа былы супрацоўнік МУС.

Варта патлумачыць, што подпісы так і так былі здадзеныя ў Цэнтравыбаркам, але ў офісе Бабарыкі палітычная паліцыя захапіла алічбаваныя даныя, што спрасціла далейшую працу рэпрэсіўных органаў.

Мяркуецца, што менавіта Ковач кіраваў затрыманнем работніка «Белтэлекама» Аляксея Бычкоўскага.

«Наша Ніва» гаварыла з чалавекам, які сядзеў з Бычкоўскім у адной камеры пасля яго затрымання. Ëн сказаў, што Бычкоўскага даставілі туды збітым да паўсмерці, а сам Бычкоўскі думаў, што не даедзе да СК. 

Ковач таксама быў камандзірам адной з груп ГУБАЗіКа, якая ў бронекамізэльках і з палкамі лавіла беларусаў у фіналах вялікіх маршаў у верасні і кастрычніку 2020 года. 

Цікава, што ў палкоўніка Ковача, які браў непасрэдны ўдзел у арганізацыі масавых палітычных рэпрэсій 2020—2022 гадоў, у свой час у самога быў рэпрэсаваны продак. 

Брат ягонага прадзеда, Краснагіра Давыд Сяргеевіч з вёскі Крывічы Лідскага раёна, быў рэпрэсаваны па артыкуле 63-1 КК БССР — «Здрада радзіме». Яго справу вёў УМГБ Гродненскай вобласці ў 1948 годзе. 

«Здрадай радзіме» прызнаваліся дзеянні, учыненыя на шкоду ваеннай моцы СССР, яго дзяржаўнай незалежнасці і недатыкальнасці тэрыторыі, а таксама шпіянаж, выдача ваенных ці дзяржаўных таямніц, пераход на бок ворага, уцёкі ці пералёт за мяжу. У рэальнасці ж у той час гэтае абвінавачванне выстаўлялі людзям з самым шыроким спектрам віны — ад «неданясення» да ўдзелу ў антысавецкім падполлі.

За якое канкрэтна дзеянне абвінавацілі Давыда Сяргеевіча і што з ім стала ў выніку, невядома. Невядома і ці ведае сам Ковач, што яго продак прайшоў праз такую пакуту.

Чытайце таксама:

«Жыву ў свабоднай краіне»: падлетак пасадзіў на зямлю экс-кіраўніка ГУБАЗіКа. Той у адказ пачаў страляць ПАДРАБЯЗНАСЦІ

Клас
8
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
92