Дзірка ў даху пашкоджанай царквы ў сяле недалёка ад Чарнігава, 22 красавіка 2022 года. Унутры царквы застаўся адзіны металічны крыж. Фота: AP Photo/Petros Giannakouris

Дзірка ў даху пашкоджанай царквы ў сяле недалёка ад Чарнігава, 22 красавіка 2022 года. Унутры царквы застаўся адзіны металічны крыж. Фота: AP Photo/Petros Giannakouris

Уварванне ва Украіну ў метадычках тлумачыцца дзеяннямі «калектыўнага Захаду», які ўжо амаль тысячу гадоў нападае на Расію, каб падзяліць яе і завалодаць рэсурсамі краіны, а таксама знішчыць праваслаўную веру.

Барацьба з бязбожнікамі

У прэамбуле апошняй метадычкі сказана (паводле інфармацыі крыніц «Медузы», блізкіх да АП, кіраўнікі прапагандысцкіх СМІ атрымалі яе ў другой палове ліпеня):

«Хрышчэнне стала асновай умацавання і адзінства рускай дзяржавы на сотні гадоў наперад. Праваслаўная вера вучыць спачуванню, любові да бліжняга, цярпімасці да іншых. Гэтыя каштоўнасці ляглі ў аснову рускай цывілізацыі і дазволілі Расіі аб'яднаць сотні народаў. Сёння прадстаўнікі ўсіх народаў Расіі зноў з'ядналіся ў супрацьстаянні з бязбожнікамі і абароне традыцыйных каштоўнасцяў і права сваіх дзяцей жыць у адпаведнасці з імі».

Таксама ў ёй гаворыцца, што прыняцце праваслаўя дапамагло аб'яднаць «разрозненыя рускія землі» і стварыць дзяржаву, вызначальнай каштоўнасцю якой стала «памяркоўнасць».

Затым у дакуменце сцвярджаецца: як і хрышчэнне Русі, вайна ва Украіне закладае «дзяржаўныя асновы» краіны — а таксама «асновы развіцця Расіі на стагоддзі наперад». Аўтары (яны ў дакуменце не пазначаныя) запэўніваюць, што гэта адбываецца дзякуючы «згуртаванню грамадства» вакол войска і «стратэгічнага курсу прэзідэнта».

«Расія зноў стала здольнай да выканання сваёй місіі — абараняць прыгнечаных», — адзначаецца ў тэксце.

Пры гэтым у пачатку вайны Крэмль прапануе вінаваціць «калектыўны Захад», які ўпэўнены ва «ўласнай выключнасці», а таксама «непаўнавартаснасці» праваслаўных.

Аб прычынах вайны аўтары метадычкі «рэкамендуюць» расказваць так:

«Канфлікт на Украіне быў справакаваны рукамі заходніх краін, якія перадавалі Украіне ўзбраенне. Украіна павінна была стаць плацдармам для нападу на Расію. Стратэгічная мэта калектыўнага Захаду на працягу некалькіх стагоддзяў у дачыненні да Расіі не мяняецца — гэта стрымліванне, паслабленне, расчляненне і поўнае знішчэнні Расіі».

Адной з мэтаў «спецаперацыі» ў дакуменце абвяшчаецца «барацьба з бязбожнікамі», якіх у тэксце характарызуюць як «гвалтаўнікоў, разбойнікаў і забойцаў», якія «ні ў што не верылі — і лічылі, што гэта вызваляе іх ад якіх-небудзь маральных абавязацельстваў перад іншымі людзьмі».

Такімі «бязбожнікамі» ў Крамлі прапануюць называць і ўкраінскіх вайскоўцаў. Прапагандыстам прапанавана распавядаць, што тыя «прыносяць ахвяры і здзяйсняюць рытуальныя забойствы», а таксама выкарыстоўваюць жанчын і дзяцей у якасці «жывога шчыта» (зрэшты, пра гэта дзяржаўныя СМІ расказваюць з пачатку вайны).

«Для укранацыстаў не існуе маралі, яны не разважаюць такімі катэгорыямі і з'яўляюцца сапраўднымі бязбожнікамі. Яны не баяцца за свае злачынствы кары Божай. Многія з укранацыстаў — адкрытыя сатаністы і паслядоўнікі чалавеканенавісніцкіх культаў», — такія тэзісы раяць агучваць у Адміністрацыі прэзідэнта.

Асобныя публікацыі з такім пасылам таксама ўжо з'яўляліся ў прапагандыстаў. Напрыклад, «РИА Новости» на пачатку чэрвеня апублікавала матэрыял з загалоўкам «Казіная Морда. Сатанізм і акультызм сталі ідэалогіяй украінскіх нацбатаў». 

Папераджальны ўдар

Яшчэ больш аналогій у Крамлі знаходзяць паміж вайной ва Украіне і Неўскай бітвай. Гэтыя тэзісы пералічаныя ў метадычцы АП, якая была падрыхтаваная на пачатку ліпеня (у сярэдзіне месяца традыцыйна адзначаюць гадавіну бітвы, якая адбылася ў 1240 годзе).

Спачатку аўтары дакумента тлумачаць, што «калектыўны Захад» шмат стагоддзяў спрабуе раскалоць Расію. Таксама ў метадычцы тлумачыцца, што ж такое «калектыўны Захад». Па версіі Крамля, у розны час гэтым «калектыўным Захадам» былі: Тэўтонскі ордэн, Швецыя, Рэч Паспалітая, імперыя Напалеона, Трэці рэйх і НАТА. Усе яны вызнавалі адну і тую ж тактыку — настроіць супраць Расіі «народы, якія жывуць паблізу яе межаў».

Тут аўтары праводзяць прамую аналогію з «калектыўным Захадам», які «напампаваў» Украіну зброяй — і разгарнуў там «сетку біялабараторый». Аднак, гаворыцца ў метадычцы, усе атакі Захаду заканчваюцца аднолькава: «Грамадства аб'ядноўваецца вакол нацыянальнага лідара і, дэманструючы мужнасць і гераізм на полі бою, дае адпор захопнікам».

У Крамлі «рэкамендуюць» праўладным СМІ і сістэмным палітыкам адзначаць, што гэта нібыта адбылося і пасля перамогі ў Неўскай бітве — і пасля пачатку вайны ва Украіне (хоць дакладных даных пра гэта няма).

Адзін з раздзелаў дакумента названы «Сіла ў праўдзе!». Гэтыя словы прыпісваюць Аляксандру Неўскаму, але ў летапісах гаворыцца, што князь вымавіў перад бітвай зусім іншы выраз: «Не ў сіле Бог, а ў праўдзе» (прычым гэтая цытата ў тэксце Крамля таксама ёсць).

«За рускімі ваярамі была праўда — яны абаранялі свой дом, і таму перамога не магла не быць нашай», — пішуць аўтары дакумента. У пунктах пра «спецаперацыю» пра абарону дома нічога не гаворыцца, але згадваецца, што расійскія салдаты таксама «упэўненыя ў сваёй рацыі, таму што яны працягваюць справу сваіх дзядоў і прадзедаў — дабіваюць нацызм».

У Крамлі адзначаюць, што цяпер Захад (як і раней) хоча знішчыць Расію дзеля неабходных яму рэсурсаў. Але самі гэтыя рэсурсы змяніліся, адзначаюць аўтары метадычкі. Калі раней гэта было само насельніцтва, то цяпер Захаду патрэбныя карысныя выкапні: грамадства спажывання, якое склалася на Захадзе, патрабуе шмат рэсурсаў. Уласныя ж рэсурсы ў Захаду скончыліся некалькі стагоддзяў таму. Гэта стала прычынай каланіялізму і неакаланіялізму. Захад прамым тэкстам кажа, што Расія валодае занадта вялікай колькасцю рэсурсаў для адной краіны, і таму яе трэба падзяліць.

Усімі гэтымі аргументамі прапагандысты павінны падвесці чытачоў і гледачоў да тэзы аб тым, што вайна ва Украіне — гэта «папераджальны ўдар». Гэты тэзіс ужо выкарыстоўвалі і праўладныя СМІ, і сам Пуцін.

«Кіраўніцтва Расіі і асабіста Уладзімір Пуцін не дапусцілі нападу на Расію. Было прынятае рашэнне аб пачатку СВА [спецыяльнай ваеннай аперацыі], што дазволіла пазбегнуць паўтарэння 22 чэрвеня 1941 года з уварваннем нацысцкіх войскаў на тэрыторыю Расіі», — параўноўваюць яны дзеянні Крамля і савецкага кіраўніцтва (мабыць, не на карысць апошняга).

«Медуза» ўжо выявіла некалькі публікацый, у якіх выкарыстоўваюцца тэзісы з метадычак. Так, тэкст Газеты.ру названы «Хрышчэнне Русі і спецаперацыя на Украіне: што агульнага?». І ў ім прысутнічаюць абзацы, проста скапіяваныя з крамлёўскага «дапаможніка». Напрыклад, гаворыцца, што «Расія зноў стала здольнай да выканання сваёй місіі — абараняць прыгнечаных». Распавядаецца ў ім і пра барацьбу Расіі з «бязбожнікамі».

Падобны тэкст з'явіўся і на праўладным сайце «ФедералПресс». А пра падабенства Неўскай бітвы і «спецаперацыі» напісаў пракрамлёўскі Regnum.

Са слоў дзвюх блізкіх да АП крыніц «Медузы», цяпер у Крамлі спрабуюць знайсці «мадэлі», якія маглі б растлумачыць расіянам прычыны і мэты ўварвання ва Украіну. «Чым больш доўжыцца аперацыя, тым больш пытанняў у людзей: а навошта гэта наогул адбываецца? Якія мэты?» — тлумачыць адзін з суразмоўцаў «Медузы». Метадычкі з прывязкай да гісторыі — адна са спроб такога тлумачэння.

Крыніцы «Медузы» не выключылі, што падобныя дакументы з інструкцыямі пра іншыя гістарычныя падзеі будуць з'яўляцца і далей: «Інтрыгі калектыўнага Захаду можна выявіць усюды».

Клас
2
Панылы сорам
24
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
16