Турэцкая армія ў хуткім часе атрымае першыя беспілотныя верталёты, якія будуць выкарыстоўвацца для выканання задач разведкі, баявога патрулявання, дастаўкі ўзбраення і грузаў.

Першыя такія верталёты са штучным інтэлектам пачнуць выкарыстоўвацца арміяй у барацьбе з курдскімі паўстанцамі.

Alpin

Alpin

Адной з пераваг беспілотнага верталёта у параўнанні са звычайнымі дронамі з'яўляецца магчымасць палётаў пад аблокамі, што дазваляе выкарыстоўваць яго ў любых умовах надвор'я. Разам з вырашэннем ваенных задач беспілотнік можа таксама выкарыстоўвацца для тушэння лясных пажараў, у сельскай гаспадарцы, для аховы цывільных аб'ектаў.

Запыты на набыццё беспілотніка паступаюць з-за мяжы, галоўным чынам ад нафтаздабываючых краін.

Вага беспілотнага верталёта складае 250 кг, аналагічнай ёсць і яго карысная нагрузка. Ён здольны знаходзіцца ў паветры на працягу 8 гадзін і здзяйсняць палёты на вышыні 6,5 км.

Гаворка ідзе пра мадэль Alpin кампаніі TITRA. Мадэль першапачаткова выкарыстоўвалася ў цывільных місіях (для тушэння лясных пажараў), але будзе мадэрнізаваная для ваенных місій.

Перапрацаваны верталёт будзе выкарыстоўвацца ў першую чаргу для матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі, разведкі і атрымання фатаграфій.

У кампаніі зараз працуюць над распрацоўкай і іншых беспілотных сістэм.

Будуць розныя мадыфікацыі верталёта. Верталёт абсталююць не толькі зброяй і боепрыпасамі, але і іншымі сістэмамі ды карысным грузам.

Кампанія зацікаўленая ў інтэграцыі розных відаў цяжкага ўзбраення, але прыярытэтам з'яўляецца такая зброя, як ракеты або рэактыўныя снарады. Усе гэтыя планы будуць увасобленыя ў жыццё ў 2023 годзе, а пакуль што прыярытэт інжынераў — падагнаць Alpine пад ваенна-лагістычныя патрэбы арміі.

Наступная мадэль, якая можа паступіць на ўзбраенне турэцкай арміі — T629, вытворца — кампанія Turkish Aerospace Industries, якія распрацоўвае апараты для турэцкай арміі.

Прататып упершыню быў прадэманстраваны яшчэ ў 2021 годзе, а ўвогуле над праектам працуюць з 2017-га.

T629 будзе важыць 6 тон і будзе абсталяваны 70-мм некіравальнымі ракетамі і супрацьтанкавымі ракетамі L-UMTAS.

T629

T629

T629 прызначаны для выкарыстання ў якасці платформы для пошукава-выратавальнай, супрацькарабельнай і супрацьлодкавай барацьбы, а таксама для падтрымкі існуючых у Турцыі пілатаваных верталётаў T129 ATAK пры выкананні службовых і разведвальных задач.

Верталёт паступіць на ўзбраенне таксама ў 2023 годзе. 

Каб знізіць выдаткі на распрацоўку і вытворчасць, T629 выкарыстоўвае многія кампаненты верталёта T625 Gökbey.

Дызайнам T629 нагадвае пілатаваны T129 ATAK, але ён мае карысную нагрузку на адну тону большую.

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
0