Паводле Лукашэнкі, Украіна можа спыніць вайну, сеўшы за стол перамоваў і даўшы гарантыі, што яны ніколі не будуць пагражаць Расіі і не будуць мець на сваёй тэрыторыі зброю, якую Расія палічыць пагрозлівай для сябе.

Але ж ніхто, маўляў, не дасць Расіі гарантый бяспекі, бо Украіна не самастойная, за ёй ЗША і НАТА: «Вам, натаўцам і амерыканцам, патрэбная была вайна, і вы рабілі ўсё да дробязяў, каб гэтую сітуацыю стварыць, каб падштурхнуць да гэтага».

У той жа час Лукашэнка пагардліва махнуў рукой на тэрмін «дэнацыфікацыя», пад знакам якога Расія пачынала вайну. Ён фактычна прызнаў яго штучнасць і прыцягнутасць за вушы, сказаўшы, што ўсё гэта — проста «філасофія». 

Праблемы ж Херсона, Данецка і Луганска, на думку Лукашэнкі, ужо «не абмяркоўваюцца». Трэба думаць, ён лічыць, што Украіна павінна іх прызнаць расійскімі, бо «там жывуць рускія людзі, якіх гнабілі». Усе яго далейшыя разважанні ў гэтым кірунку цалкам укладаліся ў традыцыйнае рэчышча расійскай прапаганды — пра нібыта забарону рускай мовы ва Украіне і да таго падобныя ні на чым не заснаваныя прыдумкі.

У якасці процілеглага, пазітыўнага падыходу Лукашэнка прывёў палітыку беларускай дзяржавы адносна мясцовых палякаў, якія нібыта пад яго ўладай жывуць у радасці і шчасці. Пра поўную ліквідацыю польскіх школ і зняволенне польскіх дзеячаў накшталт Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута ён, натуральна, прамаўчаў. 

Урэшце ў найлепшых традыцыях сённяшняй рэпрэсіўнай сістэмы, якая пачкамі выносіць прысуды за «дыфамацыю», якая разумеецца вельмі спецыфічна, Лукашэнка звярнуўся да тэматыкі нібыта «абразы ўладаў» з боку заходніх СМІ. Відаць, што ў яго вачах любая крытыка ўлады — смяротны грэх. Маўляў, мы дык ніколі нікога не абражаем, нават калі Байдэн упаў на трапе самалёта, а вось заходнікі медыя «дэманізуюць» Пуціна, усяляк з яго нібыта здзекуючыся. Маўляў, можа гэта і не прычына для «аперацыі», але «нядобры фон».

Варта адзначыць, што сцвярджэнне пра тое, што нібыта беларускія і расійскія прапагандысцкія СМІ паважліва ставяцца да заходніх лідараў, зусім не адпавядае рэчаіснасці. Іх асмейванню, прытым часта на высмактаных з пальца падставах, прысвечана звычайна зусім нямала эфірнага часу, і гэта пачалося не сёння.

У той жа час на заўвагу журналіста пра тое, што Пуцін не хавае таго, што хоча стварыць славянскую дзяржаву,

Лукашэнка нечакана, нават не даўшы журналісту дагаварыць, запярэчыў, што пра аб'яднанне славян марыць зусім не Пуцін, а ён, Лукашэнка.

Прытым згадаў у гэтым кантэксце не толькі ўсходнеславянскія народы, але і палякаў, славакаў, балгараў, якіх ён таксама хацеў бы «аб'яднаць». Пуцінская ж канцэпцыя «рускага свету» нібыта іншая.

Клас
4
Панылы сорам
105
Ха-ха
14
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
25