Фота: фэйсбук Стрыжака

Фота: фэйсбук Стрыжака

Андрэй Стрыжак піша ў фэйсбуку:

«Мы прапаноўвалі кіраўніцтву палка Каліноўскага прыняць ад нас суму грошай, якую яны маглі б выкарыстоўваць самастойна, аднак атрымалі адмову. На сёння гэта перададзеныя беларусамі 40 тысяч еўра. Гэтыя грошы зарэзерваваныя ў нас на рахунку і чакаюць толькі запыту ад палка. Асабістыя сімпатыі ці антыпатыі не граюць ніякай ролі, калі гаворка ідзе пра нашу агульную справу».

Стрыжак тлумачыць, як працуе фонд:

«Важна адзначыць, што мы адкрывалі збор на ўсіх беларускіх добраахвотнікаў і працуем па запыце. Калі ёсць запыт на набыццё машыны — купляем і дастаўляем машыну. Калі ёсць запыт на тактычную медыцыну або каскі — шукаем, заказваем, купляем і дастаўляем па прызначэнні. Наша роля не зводзіцца выключна да збору грошай».

Адказаў Стрыжак таксама на папулярнае пытанне: за якія грошы жыве ён сам і каманда фонду.

«Аб'ём грошай, які мы бярэм сабе з публічных збораў — 0%. Уся сума данатаў ідзе на мэты, названыя ў зборы, за выключэннем камісій аплатнай сістэмы і банкаў. Адміністрацыйныя выдаткі фонду (зарплаты, офісы і г.д.) пакрываюцца з трох асноўных крыніц фінансавання: грошы інстытуцыйных фондаў, прыватныя донары, чаявыя», — піша сузаснавальнік «Байсол».

Ці пакідаць чаявыя для каманды (яны могуць быць да 10% ад сумы данату на збор), донар вырашае сам.

Дапамога, сабраная фондам, размяркоўваецца наступным чынам: 50% ідзе збору на дзве ключавыя структуры беларусаў на фронце — полк Каліноўскага і Пагоня — і 50% на ўсе астатнія групы і падраздзяленні (Літвін, Янкі, Прамень і г.д.).

«Эмоцыі, амбіцыі і праца спецслужбаў прыводзяць да распаду нашага адзінства. Прыводзяць да таго, што дэмакратычныя сілы пачынаюць ваяваць адно супраць аднаго, а не супраць нашага агульнага ворага — дыктатуры. У гэты складаны час я хачу заклікаць усіх сваіх сяброў і ворагаў да аднаго: падтрымлівайце матэрыяльна і маральна тых, каму вы давяраеце і каго хочаце падтрымліваць. Данацьце добраахвотнікам наўпрост або праз фонды, закупляйце і адпраўляйце дапамогу адрасна, падтрымлівайце любымі даступнымі вам спосабамі, толькі не ўзмацняйце раскол у нашых шэрагах. Срачы і скандалы шкодзяць усім», — выказаўся Стрыжак.

Клас
176
Панылы сорам
10
Ха-ха
21
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
13