Фота: скрыншот з АНТ
Пасля таго як «Кіберпартызаны» завалодалі архівам Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС, сталі вядомыя многія пікантныя падрабязнасці жыцця і стылю мыслення дзеячоў лукашэнкаўскай сістэмы.
Краіна даведалася, якія кампліменты робяць Вользе Чамаданавай калегі, якому з недарагіх він аддае перавагу Наталля Эйсмант, з кім ходзіць па начных клубах начальнік міліцэйскай брыгады. І гэта толькі самыя гучныя выпадкі.
Лагічнае наступства гэтага ўсяго: беларускія чыноўнікі і сілавікі ў масавым парадку пачалі адмаўляцца ад размоваў па мабільным тэлефоне, пераходзячы ў месенджары заходніх распрацоўшчыкаў.
«Па «вяртушцы» (лінія абароненай сувязі, да якой маюць доступ топавыя дзяржслужачыя. — НН), стацыянары ці мабільнай сувязі цяпер абмяркоўваюцца толькі рабочыя пытанні. Так было не заўсёды. Хто разумны, той і раней нічога не казаў па тэлефоне, але цяпер і самыя дурні ўбачылі, да якой дыскрэдытацыі гэта можа прывесці ва ўмовах, калі пішуць усё і ўсіх», — кажа чыноўнік.
«Якія практычныя высновы з гэтага, я не ведаю. Можа быць, стане менш кампраматаў і менш завербаваных сілавікамі. Чалавека, на практыцы, пачыналі слухаць толькі ад нейкага ўзроўню. Нейкі там старшыня калгасу нікому не трэба, а вось як толькі становішся намеснікам старшыні выканкама, то пачынаецца. Але многія не ведалі, ляпалі, трапляліся ў пастку», — дадае ён.
«У мяне былі выпадкі, калі па старой памяці званіў калегам ці сумежнікам па мабільным тэлефоне ў непрацоўны час, яны нешта фыркалі, што занятыя, а потым праз 5 хвілін паведамленне ў месенджары: «Звані сюды, што такое?» — дапаўняе супрацоўнік міліцыі.





