Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, увечары ў аўторак шасцігадовы малы адпачываў разам з бацькамі паблізу ракі Пціч. Яны купаліся, пры гэтым хлопчык быў у выратавальнай камізэльцы. Праз некаторы час дзіця зняло камізэльку, надзела маску для плавання і нырнула, пасля чаго знікла.

Бацькі кінуліся на пошукі, але выратаваць хлопчыка не змаглі. Яго цела дасталі з вады супрацоўнікі МНС. 

Іншы сённяшні выпадак адбыўся на Нёмане ў Мастоўскім раёне. Там на вачах у сяброў і рыбакоў патануў 13-гадовы хлопчык. Цяпер яго цела шукаюць работнікі Таварыства выратавання на водах і МНС, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Па папярэдніх звестках, падлетак знаходзіўся на беразе разам са сваімі сябрамі. У нейкі момант ён пайшоў плаваць, аднак неўзабаве пачаў тапіцца. Выратаваць яму жыццё паспрабавалі рыбакі, якія знаходзіліся побач у момант трагедыі, аднак не паспелі — падлетак схаваўся пад вадой.

Месца, дзе патануў хлопец, не было прызначана для купання. 

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
15
Абуральна
1