Як паведамляла ўкраінскае Мінабароны, шэсць расійскіх самалётаў Ту-22М3 выканалі пускі 12 крылатых ракет Х-22. Рубеж пуску — раён горада Петрыкаў, недалёка ад Мазыра, арыенціровачна за 50—60 кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы Украіны.

«Бамбавікі ўзляталі з аэрапорта «Шайкоўка» Калужскай вобласці РФ. Далей праз тэрыторыю Калужскай і Смаленскай абласцей уваходзілі ў паветраную прастору Беларусі. Пасля пуску ракет вярталіся ў аэрапорт «Шайкоўка» на тэрыторыі РФ. Удар наносіўся па Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай абласцях», — заявіла Міністэрства абароны Украіны.

Беларускі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін мяркуе — самалёты стралялі з Беларусі праз асаблівасці боепрыпасаў.

Аляксандр Алесін

«Магчыма, што калі стралялі з тэрыторыі Беларусі, то ўжывалі боепрыпасы, адлегласць якіх не дазваляе дасягнуць аб’ектаў, калі б стралялі з тэрыторыі Данбаса альбо РФ», — кажа Алесін.

Такую версію не выключае і ўкраінскі вайсковы аглядальнік Ігар Леўчанка:

«Расія выкарыстоўвала старыя савецкія ракеты. У іх цяжкая боегалоўка, але вялікае адхіленне, гэта старая тэхніка. Таму існуе меркаванне, што расіяне вопытным шляхам прыйшлі да таго, што, каб такой ракетай трапіць хоць куды, адлегласць мусіць быць не большая за 200—250 кіламетраў. То-бок, каб трапіць недзе па Кіеву, страляць трэба амаль з мяжы Беларусь-Украіна. 

На карысць гэтай версіі кажа і сітуацыя на поўдні: там расійскія бамбавікі таксама пачалі страляць з адлегласці каля ста кіламетраў, а раней запускі ішлі з 500—600 кіламетраў. 

Гэта можа сведчыць таксама пра тое, што сучасных ракет у Расіі засталося не так многа і іх эканомяць для нейкіх суперважных аб’ектаў.

Таксама Расіі выгадна аднавіць свае дзеянні з паветранай прасторы Беларусі проста для дэманстрацыі і Лукашэнку, і ўсяму свету, што нікуды той не падзенецца. Чарговы раз паказаць, што на суб’ектнасць Беларусі ці яе кіраўніцтва Расія проста не звяртае ўвагі». 

Як можа на гэта адказаць Украіна. Страляць па тэрыторыі Беларусі?

«Адказ Украіны можа быць сіметрычным і асіметрычным, — разважае Алесін. — Сіметрычны: выкарыстаць аператыўна-тактычныя комплексы «Точка У», якія маюць Узброеныя сілы Украіны. З іх дапамогай паспрабаваць ударыць па важных аб’ектах інфраструктуры, якія размешчаныя на адлегласці прыкладна 100 кіламетраў ад мяжы з Украінай.

Але такія ракеты могуць быць збітыя беларускай супрацьпаветранай абаронай ці падаўленыя расійскімі зенітна-ракетнымі комплексамі «С-400». Ці паўплывае такі ўдар на ўступленне Беларусі ў вайну, вырашаць ужо Лукашэнку». 

«Асіметрычны адказ — гэта спроба дыверсійна-разведвальных груп трапіць на месца дыслакацыі комплексаў «Іскандэр» альбо ў раёны аэрадромаў і паспрабаваць пашкодзіць альбо комплексы, альбо самалёты, альбо сістэмы, якія забяспечваюць іх функцыянаванне (склады боепрыпасаў, паліва і гэтак далей)», — кажа Алесін. 

Што тычыцца версіі з правакацыяй, каб Беларусь уцягнуць у ваенныя дзеянні, то Беларусь да гэтых дзеянняў не гатовая, лічыць эксперт. У нас проста бракуе войска. І асноўныя беларускія сілы ўсё яшчэ размешчаныя на Захадзе, на межах з Польшчай, краінамі Балтыі. 

«Каб удзельнічаць у вайне, Беларусі трэба мабілізаваць запаснікоў, зняць тэхніку з захоўвання. Інакш тое будуць нікчэмныя штурхелі, — мяркуе Аляксандр Алесін. — Вось калі мы ўбачым, што Лукашэнка мабілізуе войска да лічбы 150 тысяч — супраць сённяшніх 60—65 тысяч — вось тады можна будзе насцярожвацца».

Пра адказ Украіны Ігар Леўчанка кажа: збіць расійскія самалёты, якія страляюць з беларускай паветранай прасторы, украінцы пакуль не могуць.

Ігар Леўчанка

«Аб’ектыўна, наземныя сродкі супрацьпаветранай абароны працуюць на адлегласць да 100 кіламетраў,— падкрэслівае украінскі аналітык. — Ракеты класа «паветра-паветра» ёсць на Захадзе, у тэорыі Украіна зможа іх атрымаць, толькі калі атрымае амерыканскія баявыя самалёты. А гэта справа не вельмі далёкага часу, але і не вельмі блізкага.

Яшчэ момант — самалёты, якія абстрэльвалі Украіну, выляталі з расійскіх аэрадромаў. Калі б яны падымаліся з беларускіх аэрадромаў, тады б ужо ішла гаворка пра паражэнне сістэмай «Точка У» тых аэрадромаў. Але цяжка разважаць, чым бы скончылася — рашэнне адказваць стральбой па беларускіх аэрадромах будзе мець палітычны характар і яго прымаць палітычнаму кіраўніцтву Украіны».

Атрымліваецца, расіяне вынайшлі ідэальную для сябе тактыку — яны з беларускай паветранай прасторы б'юць па Кіеве, Сарнах, Корасцені, а Украіне няма як адказваць? Бамбіць Беларусь немэтазгодна, знішчыць авіяцыю РФ пакуль няма магчымасці.

«Так, тут бамбіць беларускую тэрыторыю нелагічна. Але такія дзеянні Расіі і прывязваюць усё больш Лукашэнку да Пуціна, робяць з яго такога ж ваеннага злачынцу», — мяркуе Ігар Леўчанка.

«Калі казаць пра ўкраінскіх дыверсантаў на тэрыторыі Беларусі, то ў вас жа існуе свой партызанскі рух. Днямі пачала з’яўляцца інфармацыя, што Беларусь будзе перадаваць Расіі боепрыпасы, магчыма, ваенную тэхніку. Гэта ж будзе ісці па чыгунцы — я б не выключаў дыверсій, але хто іх будзе ажыццяўляць, сказаць цяжка», — дапускае Леўчанка.

Клас
26
Панылы сорам
3
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
14
Абуральна
48