Андрэй Дараховіч. Фота з сацсетак

Андрэй Дараховіч. Фота з сацсетак

У тэлеграм-канале сілавікоў паведамляецца, што да іх «звярнуліся навучэнцы аднаго мінскага каледжа, у якім выкладчык гісторыі сістэматычна ўкараняў ім свае нацысцкія перакананні». У пасце ёсць фота з Андрэем Дараховічам, дзе ён трымае кнігу «Каліноўскі на Свабодзе», а таксама здымкі маленькага дзіцяці ў машыне і Андрэя, мяркуючы па ўсім, нібыта на мітынгу. Пазначана, што да яго ў праваахоўнікаў «поўны букет прэтэнзій: удзел у пратэстах, рэгістрацыя ў забароненым боце «Перамога», уцягванне дзяцей у незаконныя акцыі».

Таксама выклалі «пакаяннае відэа», дзе Дараховіч расказвае, што «ўдзельнічаў у дэманстрацыі і, так атрымалася, што ўзяў з сабой яшчэ і непаўналетняе дзіця, клікнуў на план «Перамога».

Андрэю Дараховічу 31 год, апошнія два ён працаваў у мінскім лінгвагуманітарным каледжы, выкладаў гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю, вёў факультатывы па ідэалогіі. У педагога двое маленькіх дзяцей — сын нарадзіўся ў 2017-м годзе, дачцэ яшчэ няма і года.

У сацсетках маладога чалавека, акрамя сямейных, шмат фота прыроды, беларускіх помнікаў архітэктуры, гістарычных месцаў. Пра тое, што для яго важныя культура і гісторыя краіны, расказалі нашым журналістам ягоныя студэнты.

Студэнты: «Многім замяняў бацьку, гісторыю ведаў дзівосна»

Мікалай (імя зменена) — першакурснік, у яго Дараховіч вёў гісторыю і факультатыў па ідэалогіі. Хлопец распавядае, што ў панядзелак 16 мая ў каледж прыйшлі невядомыя ў цывільным адзенні і забралі выкладчыка на вачах у студэнтаў.

— Быў сёмы ўрок, два чалавекі без ніякіх апазнавальных знакаў прайшлі праз вахту, сказалі, што яны «з органаў» і не абавязаныя нікому прадстаўляцца. Дараховіча знайшлі на другім паверсе, проста ўзялі і вывелі кудысьці. Усё гэта бачылі і не маглі зразумець, што адбываецца, прыняць гэтую навіну. Выкладчыкі нас яшчэ супакойвалі спачатку: «Не хвалюйцеся, усё добра, яго няма проста па сямейных абставінах».

Па словах Мікалая, студэнты гісторыка любілі і паважалі.

— Ён выдатны чалавек: ветлівы, гісторыю ведаў дзівосна і цікава выкладаў, сапраўды быў прафесіяналам, ніколі нікому нічога не навязваў — расказваў усё па фактах. Усім дапамагаў, калі што-небудзь здаралася, — апісвае малады чалавек. — Ён быў апазіцыйных поглядаў, але ніколі іх не трансляваў. Мог рэдка зводдаль праскочыць нейкі жарт, але хіба што па тэме гісторыі. А так нікому не навязваў меркаванне, у адкрытую нічога не казаў.

З-за пазіцыі з многімі калегамі, па словах Мікалая, у Дараховіча былі напружаныя адносіны.

— Многія яго, скажам так, не падтрымлівалі — даносілі на яго адміністрацыі, там яго пастаянна выклікалі на гутаркі. Некалькі тыдняў таму ён размаўляў з настаўніцай рускай мовы, тая нешта сказала пра прэзідэнта, ён жартам: «Мой прэзідэнт у Літве». І яна пабегла да дырэктара, яго зноў выклікалі. Ну і ананімна хтосьці на яго напісаў данос, — расказаў малады чалавек.

Фота з сацсетак Андрэя Дараховіча

Фота з сацсетак Андрэя Дараховіча

«Ананімка» з'явілася праз некалькі дзён пасля інцыдэнту, дадала Аляксандра (імя змененае), студэнтка другога курса групы, у якой Дараховіч быў куратарам.

— Напісалі, нібыта ён не тых палітычных поглядаў, навязвае дзецям сваё меркаванне, наведвае шмат мітынгаў і наогул жудасны чалавек. Але ў нашай групы з Андрэем Ігаравічам былі вельмі добрыя адносіны. Усе бацькі яго ведалі, максімальна падтрымлівалі, казалі, што нам вельмі пашанцавала, што ў нас такі выкладчык, што ён давядзе нас да канца каледжа і застанецца потым нам сябрам. Ён і добра вёў свой прадмет, і з ім можна было пра нешта пагаварыць па-за сценамі каледжа.

— Мы наведвалі музеі, проста гулялі ў парках, ездзілі з ім на блакітныя азёры, на байдаркі — ён шмат куды нас вазіў. Тыя ж куратарскія гадзіны — мы абмяркоўвалі дастаткова розныя тэмы, але пра палітыку не гаварылі. Наша група магла спакойна пайсці пасля заняткаў з ім паесці піцу, мы разумелі адзін аднаго з паўслова. Цяпер усе за яго хвалююцца. У многіх нашых дзяўчынак няма бацькоў, і ён ім вельмі моцна іх замяняў. Вучні кажуць, што з-за яго і хацелася хадзіць у каледж, — ён зараджаў пазітывам.

Фота з сацсетак Андрэя Дараховіча

Фота з сацсетак Андрэя Дараховіча

Вучняў шакавалі пасты ў телеграм-канале ГУБАЗ. Яны кажуць, што фатаграфія. на якой Андрэй нібыта на мітынгу, — несапраўдная.

— Мы разумелі, што яго прымусілі запісаць гэта відэа — сам бы ён ніколі такога не сказаў. Як мінімум адна фатаграфія — дзе ён у акулярах — фаташоп. Мы бачылі падобнае фота, і вельмі многія дэталі не сыходзяцца. Фота з кнігай і відэа — у аднолькавых кашулях, менавіта ў гэтай кашулі яго выводзілі з каледжа, там такі ж прабор валасоў. Таму мы думаем, што фота з гэтай кнігай было зроблена пасля затрымання.

Фота з телеграм-канала ГУБАЗ

Фота з телеграм-канала ГУБАЗ

Групе, кажа Аляксандра, у адміністрацыі растлумачылі, што Дараховіч звольніўся ў той жа дзень сам, цяпер у іх новы куратар.

— Сказалі, што ён прыехаў у той жа дзень позна ўвечары, напісаў заяву па ўласным жаданні, таму што ў яго нейкія праблемы ў сям'і, і ўсё. Навязвалі нам, што нічога не здарылася і ён хутка выйдзе на сувязь, прасілі яму не пісаць, казалі: «У яго добры вопыт выкладання, ён далёка пойдзе». Палова каледжа бачыла, як яго выводзілі, а яны ўсё роўна кажуць пра сямейныя абставіны.

Мама адной са студэнтак: «Расказваў пра найпрыгажэйшыя месцы ў Беларусі»

У Вікторыі (імя зменена па просьбе суразмоўніцы) дачка вучыцца на першым курсе ліцэя, Андрэй Дараховіч таксама вёў у яе прадметы. У жанчыны пытанняў да яго не было — наадварот, яна чула толькі добрыя водгукі пра заняткі ад дзіцяці, а пасля затрымання тая была вельмі засмучаная.

— Я бачыла, што маё дзіця плакала. І пра гэтага выкладчыка я чула не раз яшчэ да гэтага ўсяго, ведаю, што яго вельмі любілі, што ён вельмі цікава выкладаў гісторыю. Ён ім распавядаў пра найпрыгажэйшыя месцы ў Беларусі — вось яны збіраліся з ім ехаць на экскурсію ў Гальшанскі замак, але ўсё з надвор'ем не шанцавала.

На ўроках нічога таго, што ў нас забаронена казаць, ён дзецям, натуральна, будучы недурным чалавекам, не казаў. Ведаю, што на слыху заўсёды было яго прозвішча, таму што ён падабаўся як педагог. Каб вы разумелі, у іх гісторыю і ідэалогію вядуць некалькі чалавек, самыя найлепшыя водгукі я чула толькі пра яго: што ён малайчына, што толькі на яго ўроках можна нармальна і цікава сядзець.

Андрэй Дараховіч. Фота з сацсетак

Андрэй Дараховіч. Фота з сацсетак

Вікторыя адзначае, што ў бацькоўскім чаце падобныя тэмы ніколі не абмяркоўваюцца і яна не ведае, як астатнія бацькі ставіліся да Дараховіча. Адміністрацыя каледжа для іх сітуацыю не каментавала.

— Ці мог хто-небудзь з бацькоў ставіцца дрэнна да гэтага выкладчыка, я не ведаю, але такія, [якія падтрымліваюць дзеючую ўладу], дакладна ёсць. Гэта я дакладна ведаю, таму што дачка распавядала, як сярод дзяцей былі размовы аб сітуацыі паміж Расіяй і Украінай, і ў ў некаторых сем'ях гэта падтрымліваюць, — патлумачыла жанчына і дадала, як сама ставіцца да таго, што здарылася. — Мне ад усяго, што зараз адбываецца, вельмі сумна і балюча. Усе выдатна разумеюць, што адбываецца ў краіне. Усё гэта вельмі сумна.

Кіраўніцтва: «Нармальна працаваў, ніякіх прэтэнзій не было»

У адміністрацыі каледжа журналісту адказалі, што Дараховіч там больш не працуе. Сакратарка адмовілася каментаваць, што адбылося.

— Ён звольніўся сам. Чаму [звольніўся], я абавязаная тлумачыць? Напісаў заяву і звольніўся, — патлумачыла сакратарка ўстановы. — [ Ці ўсё з ім у парадку], я не магу ведаць: ён не наш работнік. Калі б ён быў нашым работнікам, я б цікавілася, мы б падымалі трывогу, — расказала супрацоўніца пра былога калегу.

Таццяна Шчыракова, выканаўца абавязкаў дырэктара, таксама пацвердзіла, што Дараховіч звольнены. Па яе словах, яго не затрымлівалі ў сценах каледжа.

— Нармальна працаваў, што мы можам аб ім сказаць. Як да яго ставіліся дзеці — пытайцеся ў іх, а ў нас ніякіх прэтэнзій не было. Ён звольніўся па ўласным жаданні, па пагадненні бакоў 16.05.

— Але ж яго вывелі з установы, гэта бачылі людзі.

— Нічога яго не вывелі. Я не ведаю, хто бачыў. Больш нічога не магу вам казаць, — сцвярджае дырэктарка. Па яе словах, аб затрыманні былога калегі нічога не вядома.

Нам пакуль не ўдалося звязацца з блізкімі і знаёмымі Андрэя, а таксама датэлефанавацца ў ЦІП на Акрэсціна, дзе, па словах навучэнцаў, яго ўтрымліваюць. Пра гэта падлеткам распавёў ягоны сябар.

На «пакаянным відэа» сам Дараховіч кажа, што затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, а ў тэлеграм-канале сілавікоў 19 мая паведамлялася, што на працягу 10 сутак следчыя будуць вырашаць, ці ёсць у дзеяннях маладога выкладчыка «крымінальны склад».

Клас
0
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
80