Па справе праходзілі студэнты БДУ Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Таццяна Якельчык, Ілля Трахтэнберг, студэнткі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько, адлічаныя з БНТУ Вікторыя Гранкоўская і Анастасія Булыбенка, студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік, студэнт МДЛУ Глеб Фіцнер, выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава і выпускніца БДМУ, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, Алана Гебрэмарыям. Усе яны праходзілі абвінавачанымі па частцы 1 артыкула 342 КК — арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парад, або ўдзел у іх.

«Словы з прамовы Ксюшы з’явяцца аднойчы ў падручніках»

Ксенія Сырамалот, студэнтка філасофіі і сацыяльных навук БДУ

Ксенія Сырамалот, студэнтка філасофіі і сацыяльных навук БДУ

Кася Сырамалот, сястра Ксюшы:

— Ва ўсіх нас было разуменне, што ў гэтай краіне ўжо было вынесена столькі нечалавечых прысудаў, што гэта будзе яшчэ адзін з іх. Але быў спадзеў на нешта больш мяккае. Так ці інакш, суд быў адкрыты, таму ўсе рашэнні, імёны (у тым ліку сведкаў) вядомыя і задакументаваныя. Я вельмі спадзяюся, што будзе час, калі адкажуць за свае дзеянні не толькі суддзі, але і людзі з універсітэтаў, якія страчылі дакладныя на сваіх жа студэнтаў, ішлі на павышэнне, а пасля «забывалі» пра свае папярэднія паказанні. Усе злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміну даўніны.

Абвінавачванне больш нагадвала адвольнае сачыненне аўтара-графамана на цэлых 36 тамоў. Складана ўявіць, што нейкі следчы мог пісаць гэта па сваім жаданні на маладых студэнтаў, у якіх уся будучыня наперадзе. Проста не ўяўляю, як яны глядзяць у вочы сваім дзецям.

Ксюша — дзяўчына з абвостраным пачуццём справядлівасці, таму, безумоўна, яе прысуд расстроіў. На судзе раскрыўся адзін з яе моцных бакоў — талент публічных прамоваў. Спадзяюся, словы з яе прамовы з’явяцца аднойчы ў падручніках.

Бацькам удалося патрапіць на спатканне з ёй. Яна стараецца берагчы здароўе, чытаць болей кніжак, рабіць практыкаванні. Яна моцная, але ніхто не можа сказаць, што будзе далей. Прагназаваць нешта складана. Пакуль што яна плануе, чым будзе займацца ў калоніі. Каб будаваць планы на свабоду, трэба яе спачатку дамагчыся. Уся справа паказала, што быць рамантыкам у гэтай сітуацыі — нявыгаднае глупства, якое можа прывесці ў стан адчаю, таму практычнасць ратуе і пазбаўляе ілюзій усіх. 

Самым складаным усе гэтыя месяцы для нас было, вядома, захоўваць неабходны спакой для таго, каб проста выконваць тое, што мусім: насіць перадачы, дамаўляцца з адвакатамі, размаўляць са СМІ тады, калі няма сілаў ні на што. У кожнага роднага палітзняволенага, лічыце, з’явілася дадатковая «бясплатная» праца 24/7, гэта сапраўды моцна стамляе. 

Справа студэнтаў пры гэтым паказала сапраўдны твар многіх людзей, а таксама раскрыла сам характар студэнтаў. Стала зразумела, што большасць родных людзей баіцца, яны нават не напісалі ніводнага ліста Ксюшы. Але шмат сяброў, Ксюшыны выкладчыкі з універсітэта і ліцэя, проста незнаёмыя людзі вельмі моцна падтрымалі і дапамаглі. 

Агулам увесь гэты працэс для мяне — пра супрацьстаянне адукаванасці (студэнтаў) і варварства. Зрэшты, як і любая палітычная справа.

«Давядзецца пабрацца шлюбам хутчэй, чым мы планавалі»

Яна Арабейка, студэнтка БДПУ, сябра «Задзіночання беларускіх студэнтаў»

Яна Арабейка, студэнтка БДПУ, сябра «Задзіночання беларускіх студэнтаў»

Валер, сябра Яны Арабейка:

— Спадзеваў на меншы тэрмін ці іншы прысуд ні ў кога з нас не было. Тым больш, суддзя Марына Фёдарава не вельмі шчодрая на ласку. Нейкія надзеі яшчэ былі, калі справа толькі дайшла да суда: ну вось, зараз адкрыецца праўда. Але гэтага не адбылося. Яна таксама рыхтавалася маральна да калоніі, але ўсё ж да апошняга думала: можа, будзе «хімія»?

Цяпер трэба будзе запускаць наш план «Б». Сістэма прыдумляе ўсё новыя правілы і ўскладненні, нічым не абгрунтаваныя: забаронім пераводзіць грошы не сваякам, таму што мы можам. Так што давядзецца нам з Янай ажаніцца хутчэй, чым мы планавалі. Каб я мог яе падтрымліваць і перадачамі і як сваяк мець права на спатканні.

Я наведаў недзе 80% судовых пасяджэнняў. Агулам уся гэтая справа — абсалютна пустая. У «мірны» час яна б не мела ніякіх судовых перспектываў, яе б папросту не існавала. Сведкі, якія нікога не ведалі і нікога не пазнавалі. Закідванне арганізаванай групы, хаця прамых кантактаў паміж усімі дванаццаццю падсуднымі не было. Абвінавачванне ў супрацоўніцтве з Ціханоўскай, якое нічым не пацвярджаецца. Перашкода працы ўніверсітэтаў, якая была ацэненая ў выніку ў нуль рублёў. Ці самае абсурднае: дзеянні студэнтаў паўплывалі на ўвядзенне санкцый у дачыненні да Беларусі.

Ад Яны за ўвесь час я атрымаў больш за сотню лістоў, яна ад мяне — таксама. Але ведаю, што з сябрамі ліставанне ідзе горш. Яна імкнецца падтрымліваць мяне, трымацца. Прызнавалася, што ў яе ёсць адчуванне, нібыта час спыніўся. Ëй хацелася б банальных рэчаў: вучыцца, развівацца, гуляць, вандраваць, з’есці піцу. Простых рэчаў, якіх яна цяпер пазбаўленая.

Для мяне «справа студэнтаў» — пра тое, як дзяржава свае памылкі перакладае на іншых. Бо калі яна як інстытут працавала б добра, то сама намагалася б выпраўляць іх, брала б на сябе адказнасць. А тут універсітэты, уся сістэма адукацыі, улады пераклалі адказнасць за якасць навучання, грамадска-палітычную сітуацыю на 12 чалавек. Нібыта гэта яны вінаватыя ў тым, што гадамі з Беларусі праз адсутнасць перспектыў з’язджае таленавітая моладзь.

«Выкладчыкі і студэнты памяняліся месцамі, і апошнія аказаліся больш мудрымі» 

Марыя Каленік, студэнтка БДАМ 

Марыя Каленік, студэнтка БДАМ 

Ульяна Няўзорава, сястра Марыі Каленік:

— Хоць прысуды па іншых справах і ўся сітуацыя ў краіне падказвалі нам, што апраўдання нікому не будзе, але я наведвала судовыя пасяджэнні, знаёмілася з матэрыяламі справы і, сыходзячы з гэтага, мяркую, што маладзёнаў было б лагічна адпусціць.

На судзе было шмат смешных момантаў. Я трапіла на адно з першых пасяджэнняў, дзе выступалі сведкі з боку абвінавачвання: прарэктары, рэктары, людзі, якія працуюць ва ўніверсітэтах. Яны як персанажы ўсе былі вельмі падобнымі і агучвалі амаль адзін і той жа тэкст: студэнты груба парушалі грамадскі парадак, зрывалі заняткі і гэтак далей. А калі адвакаты спрабавалі ўдакладніць больш дэталяў, нічога адказаць не маглі. Складвалася ўражанне, што яны цытавалі не свой тэкст, выказвалі не свае думкі. І гэта вельмі крыўдна, што дарослыя так безадказна агучваюць чужыя фармулёўкі, ад якіх залежаць лёсы іншых людзей. Замест таго, каб проста казаць праўду.

Мы камунікавалі са сваякамі на судзе і ўсе апісвалі падобнае адчуванне: нібыта мы прыйшлі паназіраць за прадстаўленнем. Пастаноўкай, дзе даўно зразумелы фінал, і мы проста губляем час.

Маша ні разу не напісала нам, што чакае сустрэчы, што хоча ўбачыцца. Карацей, не будавала планаў на будучыню — відаць, каб нас не абнадзейваць. Яна і сябе, і нас рыхтавала да таго, што яе адправяць у калонію. Проста прасіла сабе вялікія перадачы.

Відавочна, што яна ўвесь час імкнулася схаваць ад сям’і свой сапраўдны стан. Яна не паказвае, што ёй цяжка, не дзеліцца гэтым, каб нам было прасцей. Яна піша толькі ў добрым настроі і пастаянна падтрымлівае нас з-за кратаў.

Пры гэтым лісты ад бабулі для Машы добра даходзілі, а мае — не. За апошні месяц я адправіла чатыры вялікія лісты, але дайшоў толькі адзін. На святы мы ад Машы ўвогуле месяц не бачылі лістоў — цэнзары, відаць, не спраўляліся. Мне вельмі складана пісаць у такой сітуацыі, бо ты ў кожны ліст укладаеш душу, шмат высілкаў і энергіі, адказваеш падрабязна на пытанні сястры. А калі ліст ідзе ў нікуды, усё гэта робіцца крыху бессэнсоўным. Гэта так непрыемна: мне хочацца, каб Маша была ў курсе ўсяго, што адбываецца, а выходзіць, што такой магчымасці няма. 

Для мяне гэтая справа — прыклад несправядлівасці. І таго, што ўзрост не мае значэння. Нібыта выкладчыкі і студэнты памяняліся месцамі, і апошнія аказаліся нашмат мудрэйшымі. Яны ў гэтай сітуацыі вучаць дарослых.

Пасля суда бацькі адразу пераключыліся на апеляцыю, на арганізацыю спатканняў. Гэта дапамагае трымаць сябе ў руках, але ўсім цяжка асэнсоўваць, што ўся гэтая руціна з перадачамі, лістамі будзе цягнуцца яшчэ так доўга.

«Суцяшаю сябе тым, што гэта для дачкі нібы войска»

Кася Будзько, навучалася ў БДПУ, сяброўка «Задзіночання беларускіх студэнтаў»

Кася Будзько, навучалася ў БДПУ, сяброўка «Задзіночання беларускіх студэнтаў»

Віталь Будзько, тата Касі Будзько:

— Кася ўжо правяла за кратамі восем месяцаў, мы не першы дзень без яе. Але сам прысуд усё адно даўся цяжка, асабліва бабулям. Самае складанае тое, што ты не можаш ні на што паўплываць. І проста прыходзіцца прымаць тыя ці іншыя правілы гульні. Добра, што хаця б праз адваката мы нешта ведалі пра стан дачкі, яе настрой. Гэта нас крыху суцяшала і супакойвала. Увогуле, хочацца падзякаваць ім за працу: усе мы ведаем, што адвакаты ў нас сёння таксама ходзяць па мяжы.

Я сябе суцяшаю тым, што ўсё гэта выпрабаванне для яе. Нібы войска для хлопцаў, якое яе максімальна загартуе.

Малюнак Касі з СІЗА

Малюнак Касі з СІЗА

Нашы студэнты ўвогуле малайцы. Яны не пабаяліся ўзняцца і адстойваць свае правы. Калі паглядзець на іншыя краіны і гістарычныя падзеі, студэнты ва ўсе часы былі аднымі з самых актыўных і прагрэсіўных. Гэта людзі, якія ўсведамляюць адказнасць за сваю краіну, яны адукаваныя і прагрэсіўныя. Шкада, што найлепшым прыходзіцца сядзець за кратамі.

Мяне ўразіў агучаны на судзе тэзіс: нібыта ў выніку дзеянняў студэнтаў ЗША наклалі санкцыі на Беларусь. А яшчэ бок абвінавачвання вельмі доўга пералічваў усе восеньскія студэнцкія акцыі. Удзельнічаў у іх чалавек ці не — гэта ўжо няважна, доказаў, што іх ладзілі канктрэтныя студэнты, таксама не было. Я жартую, што раз гэтыя 12 чалавек «правялі» столькі студэнцкіх акцый, то яны мегаарганізатары! Іх можна ўладкоўваць у аргкамітэт «Славянскага базару».

На жаль, у нашай краіне ніхто не застрахаваны трапіць пад раздачу. І я вельмі ўдзячны дачцэ, што яна годна пераносіць выпрабаванне. Я абавязкова скажу ёй на спатканні дзякуй за цвёрдасць: мы ведаем, што не кожны можа вытрымаць такі ціск. Многія ламаліся, але Кася — не.

«Я адкрыў свайго сына з новага боку»

Ілля Трахтэнберг, студэнт мехмата БДУ

Ілля Трахтэнберг, студэнт мехмата БДУ

Віталь Трахтэнберг, тата Іллі:

— «Справа студэнтаў» — гэта пахаванне правасуддзя, логікі, цвярозага розуму і гуманізму. На жаль, не першае і, на жаль, не апошняе. Чаго толькі вартае пытанне «Хіба падлога прызначаная для таго, каб на ёй сядзець?» альбо тлумачэнне «Залежыць ад таго, з якой мэтай вы маўчыце» ад пракурора ў судзе.

Цяпер мы падаём апеляцыю, атрымліваем дазволы на спатканне, трымаем тонус — па-іншаму нельга.

Складаней усяго для нас было ўсе гэтыя месяцы раздзяляць дазволеныя нам кілаграмы на перадачы так, каб увесь месяц Іллі было смачна, карысна, камфортна. Ну і «фільтраваць базар» у лістах у СІЗА, ведаючы, што іх будзе чытаць цэнзар. Ілля ж малайчына, ён трымаўся і трымаецца выдатна!

«Справа студэнтаў», думаю, усім бацькам адкрыла, якія нашы дзеці класныя, моцныя, смелыя, сумленныя! Я не чакаў, што Ілля будзе так глыбока прапрацоўваць і свой допыт на судзе, і пытанні, якія ён задаваў падчас працэсу. Карацей, я сам адкрыў свайго сына з новага боку, з вельмі добрага боку!

А яшчэ даведаўся, як шмат вакол нас неабыякавых людзей: суседзі, аднакурснікі Іллі, яго сябры па «Што? Дзе? Калі?». Вельмі шмат людзей пісалі мне, распытвалі, чым дапамагчы, падтрымлівалі маральна. Гэта вельмі дорага каштуе!

У Іллі ўжо куча планаў наконт таго, чым ён зоймецца, калі выйдзе на волю. Ён пісаў музыку і песні, але ў СІЗА, на жаль, такой магчымасці няма. Перадаваць навучальную літаратуру ў СІЗА нельга, таму яго развіццё ў бок архітэктуры было абмежавана парай часопісаў, якія я выпісаў, а таксама камунікацыяй з сукамернікам-архітэктарам. Але ён абавязкова нагоніць гэта на волі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0