Самая пашыраная фармулёўка, якую чуем, - што велікодныя яйкі сімвалізуюць аднаўленне жыцця.

Але вядома ж: «Хрыстос уваскрос» — гэта абяцанне таго, што ўсе мы памром, а потым у пэўны «судны дзень» усе разам «паўстанем з мёртвых».

Але чырвоныя яйкі - сімвал нашмат больш старажытны, чым хрысціянства. Прычым важныя не толькі самі яйкі і не толькі чырвоны колер, у які іх фарбуюць (чырвоны — колер жыцця). Важна, што робяць з яйкамі: імі б'юцца.

Адно фарбаванае яйка трымаюць знізу, другім б'юць зверху.

Дарэчы, яшчэ гадоў дваццаць таму ў нас у Пружане, ля Белых лавак, на цэнтральнай плошчы збіраліся па велікодным абедзе мужчыны (чалавек 40—50) на «біткі». Біліся фарбаванымі яйкамі. Пазіралі адзін на аднаго асцярожна, прымерваючыся, пачыналі біцца яйкамі не спяшаючыся. Цяпер такога няма.

Гэта пра касмагонію, пра стварэнне свету.

У многіх народаў, у тым ліку і ў нас, бачылі тыя першападзеі так: спачатку было бяздоннае мора, потым у ім узнікае-згушчаецца камяк, у яго б'е пярун, камяк разбіваецца і потым ужо «пачынае свет жыць».

Вядома мноства варыяцый міфа. Гэты першакамяк прыпадабнялі:

 

  • да збітага ў малацэ масла;
  • да камяня, які вытыркаўся спасярод водаў;
  • да пухіра, у якім нешта ўнутры ёсць;
  • да камяка зямлі, які качка ў дзюбе прыносіць з дна;
  • да кавалка гліны, які ганчар далоньмі сціскае, каб нешта потым вылепіць;
  • і таксама да яйка, з якога мы цяперашнія яечню робім.

Зборны вобраз, які вынікае з усёй гэтай сімволікі, спадзяюся, добра бачны. Кожны можа пераканацца, наколькі гэта суадносіцца з уяўленнямі цяперашняй навукі пра Вялікі выбух і ўзнікненне свету - узаемапярэчанняў тут няма.

Але мала ўяўляць, як пачаўся свет. Гэта яшчэ і нагадвалі кожны год.

Чаму? Таму што год успрымалі не як адзін у чарадзе гадоў, а як тое, што мае пачатак і канец. Увесну, разам з прыродай, свет — у сваім пачатку, а ўзімку свет старэе.

У хрысціянстве, вядома, іначай. Гадавы цыкл менш важны, важнае ўяўленне, што некалі скончыцца сам наш свет.

І гэта будзе той момант, калі «з мёртвых паўстануць». Але перш чым прыйшло хрысціянства - не было такой ідэі, што гэты свет скончыцца. Глядзелі на прыроду, жылі яе рытмамі.

А напрыканцы хочацца прывесці фрагмент з нашага падання, які паказвае, наколькі ідэя велікодных бітак ўкарэненая і не прышлая:

«Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стояла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што. Адзін раз Пярун як разыграўся і давай пыляць стрэламі ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачыла тры яскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Упалі тыя яскаркі на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцілася, і свет памуціўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё высветлілася, дык і адзначылася — дзе вада, дзе зямля. А яшчэ па некаторым часе завялося і ўсякае жыццё і ў вадзе, і на зямлі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?