Кніжнымі хітамі апошніх гадоў у Еўропе і Амерыцы сталі размалёўкі для творчасці і натхнення (маляванкі для дарослых). У анлайн-крамах яны займаюць першыя радкі продажаў, а ў традыцыйных кніжных — найлепшыя месцы на паліцах. Размалёўкі сталі новай арт-тэрапіяй і модным хобі людзей па ўсім свеце.

Цяпер такая кніга пад назваю «Мая Радзіма Беларусь» будзе і па-беларуску. На інтэрнэт-платформе «Talaka.by» стартавала краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў, пошуку спонсараў і афармленню перадзамоў на ўнікальнае выданне.

У вас ужо цяпер ёсць унікальная магчымасць спрычыніцца да стварэння і выдання кнігі, а таксама стаць спонсарам, першым уладальнікам кнігі па спецыяльнай цане ад выдаўцоў, атрымаць дадатковыя прадукты з малюнкамі МРБ. Падрабязнасці тут.

Выдаўцы сабралі для вас пяць пераканаўчых прычынаў, каб падтрымаць з’яўленне гэтай кнігі.

 

1. Такога не было

Пакуль увесь свет захапляецца маляванкамі Джааны Бэсфард (Johanna Basford) з таямнічымі садамі і лясамі, а расійскія выдавецтвы захапілі наш кніжны рынак няякаснымі рэмэйкамі, такіх кніг з беларускім зместам, а тым больш па-беларуску, не было.

«Мая Радзіма Беларусь» будзе першай кнігай-маляванкай па-беларуску для творчасці, натхнення і адпачынку ў фармаце арт-тэрапіі.

Расфарбоўванне спецыяльных малюнкаў з вялікай колькасцю дробных дэталяў дае медытатыўны эфект, здымае трывожнасць і пазбаўляе ад негатыўных эмоцый. Усяго паўгадзіны ў дзень, а паўнавартасны адпачынак гарантаваны!

Аўтарка самых папулярных у свеце маляванак для дарослых, ілюстратар Джаана Бэсфард за працаю.

2. Унікальны змест

«Мая Радзіма Беларусь» — вынік калектыўнай працы каманды «Арт Сядзібы» і Symbal.by, беларускіх мастакоў, дызайнераў, паэтаў і выдаўцоў.

У гэтым выданні будуць прадстаўленыя незвычайныя прынты для размалёўвання і свабоднага малявання, зробленыя на аснове выцінанак, аўтарскіх малюнкаў, нацыянальных сімвалаў Беларусі, дапоўненыя рознымі творчымі заданнямі. Для кагосці такі занятак можа стаць прыемным хобі, а нехта, магчыма, адкрые ў сабе талент мастака. У любым выпадку маляванне — прыемны і карысны занятак. А вершы беларускіх паэтаў, якія адмыслова выбраныя для кожнага малюнка, павядуць вас у свет беларускай паэзіі.

МРБ — гэта Беларусь з яе традыцыямі, сімваламі, святамі, мовай, прыродай, спадчынай, адметнасцямі пад адной вокладкай. МРБ — гэта душа нашай краіны, якую аўтары адмыслова пакінулі чорна-белай, каб кожны ўладальнік гэтай кнігі зрабіў яе каляровай, якой бачыць і адчувае сам.

 

3. Незвычайны фармат

«Мая Радзіма Беларусь» будзе ў двух фарматах: альбом — кніга памеру А4, альбом — кніга — набор паштовак памеру А6.

Выданні будуць складацца з 40 чорна-белых малюнкаў і вершаў надрукаваных на спецыяльным кардоне з якаснай вокладкай, змацаваных спружынаю. Таму агулам, без уліку вокладак, у кнізе будзе 80 старонак, а таўшчыня выдання складзе каля аднаго сантыметра.

Дзякуючы спецыяльнай перфарацыі кожную старонку пасля размалёўкі можна будзе акуратна вырваць, каб змясціць у рамку ды разнастаіць малюнкам інтэр’ер вашага дому ці зрабіць цудоўны творчы падарунак родным і сябрам.

У фармаце А6 на адваротным баку да верша-пажадання можна будзе дадаць паштовы адрас, наклеіць марку і, вырваўшы па лініі перфарацыі, адправіць паштоўку адрасату.

Апісанне з вокладкі

«Вазьміце каляровыя ручкі, алоўкі ці фламастары і паглыбляйцеся ў таямнічы ды творчы свет Маёй Радзімы Беларусі! Кожны малюнак стане ўнікальным творам мастацтва з беларускім каларытам. Каляровую працу вы зможаце змясціць у рамку ды разнастаіць ёю інтэр’ер вашага дому. А калі не будзе шкада растацца, то вашыя малюнкі стануць цудоўнымі падарункамі для родных і сяброў».

 

4. Талакою прасцей!

Кніга амаль гатовая, цяпер на інтэрнэт-платформе «Talaka.by» адбываецца краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў, пошуку спонсараў і афармленню замоў.

Аўтары кнігі збіраюць перадзамовы і прапануюць розныя цікавыя бонусы ды падарункі. Сабраныя праз «Талакошт» сродкі пойдуць на друк першага тыража МРБ, а таксама дазволяць прааналізаваць запатрабаванасць такога прадукта сярод беларусаў. Тыраж кнігі плануецца ў 1000 асобнікаў, але толькі ад Вас і вашых замоў залежыць якім тыражом убачыць свет МРБ!

5. Падарунак на Каляды

Выпуск і прэзентацыя кнігі запланаваныя на пачатак зімы. Аўтары хочуць каб «Мая Радзіма Беларусь» стала выдатным і незвычайным падарункам для ўсіх беларусаў на Каляды.

Таму, праз Talaka.by у вас ёсць магчымасць замовіць кнігі і сувеніры з серыі МРБ па спецыяльных цэнах, стаць спонсарам выдання і ўбачыць прозвішча ці лога кампаніі на вокладцы кнігі, патрапіць на прэзентацыі і канцэрты з нагоды выхаду выданняў. Далучайцеся!

Адна з цікавостак, якая распачынае кнігу — малюнак Алены Шалімы «Радавод». Мець радавод варта кожнаму шчыраму беларусу, які шануе продкаў і ведае гісторыю свайго роду ды краю. «Радавод» не толькі можна будзе размаляваць, але і выканаць заданне для гэтага малюнка: «У каранях дрэва напішы імя і прозвішча, на камлі намалюй герб свайго роду, а на галінках пазнач бацькоў, дзядуль, бабуль і так далей».

Адна з цікавостак, якая распачынае кнігу — малюнак Алены Шалімы «Радавод». Мець радавод варта кожнаму шчыраму беларусу, які шануе продкаў і ведае гісторыю свайго роду ды краю. «Радавод» не толькі можна будзе размаляваць, але і выканаць заданне для гэтага малюнка: «У каранях дрэва напішы імя і прозвішча, на камлі намалюй герб свайго роду, а на галінках пазнач бацькоў, дзядуль, бабуль і так далей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0