Продаж золата і серабра ў мерных злітках у красавіку 2013 года ў Беларусі рэзка вырас у параўнанні з сакавіком. Аб гэтым сведчаць статыстычныя даныя Нацыянальнага банка.

У красавіку Нацбанк рэалізаваў залатыя мерныя зліткі агульнай вагой 56,6 кг супраць 27,54 кг у сакавіку.
Назад было выкуплена 18,98 кг золата ў злітках (у сакавіку - 10,7 кг). Эксперты лічаць, што на рост паказчыкаў мог паўплываць спад цэн на золата ў красавіку.
Сур'ёзнае павелічэнне продажу назіралася і па сярэбраных мерных злітках. Агульная вага такіх зліткаў, прададзеных Нацбанкам, за красавік склала 79,38 кг, у сакавіку было прададзена 38 кг.
Назад выкуплена 35,73 кг серабра ў злітках (у сакавіку - 4 кг).

Разам з тым у красавіку назіралася некаторае зніжэнне цікавасці да плацінавых зліткаў. Такіх зліткаў Нацбанк прадаў агульнай вагой 554 г, у сакавіку было рэалізавана 644 г плаціны. Назад у красавіку выкуплена 387 г плаціны ў мерных злітках, у сакавіку - 46 г.

Сярод залатых і плацінавых мерных зліткаў найбольшым поспехам у беларусаў карысталіся зліткі наміналам да 50 г, сярод сярэбраных - наміналам да 250 г.

Залатыя мерныя зліткі ў Беларусі прадаюць Нацыянальны банк праз свае галоўныя ўпраўленні і аддзяленні (са жніўня 2001 года) і шэраг камерцыйных банкаў. З 14 красавіка 2005 года Нацбанк пачаў рэалізацыю сярэбраных і плацінавых мерных зліткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?