Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Мінскага аблвыканкама Барысу Батуру прыняць меры для прадухілення падтапленняў жылых дамоў і прысядзібных участкаў талымі водамі.

Такое даручэнне Лукашэнка даў 8 красавіка, заслухаўшы даклады кіраўніка абласной адміністрацыі пра тое, што чакаюцца падтапленні ў Барысаўскім, Маладзечанскім, Пухавіцкім і Стаўбцоўскім раёнах, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

«Нейкіх надзвычайных сітуацый не прагназуецца, у тым ліку дзякуючы своечасова праведзеным работам па абуладкаванні супрацьпаводкавых збудаванняў», — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама.

Што да пытання аб правядзенні пасяўной кампаніі, Батура запэўніў Лукашэнку, што Мінская вобласць гатова выканаць усе неабходныя мерапрыемствы ў сціслыя тэрміны, і «пры першай магчымасці ў рэгіёне пачнуцца палявыя работы».

Лукашэнку было паведамлена пра рэалізацыю шэрагу інвестыцыйных праектаў, у тым ліку пра рэканструкцыю аўтадарогі Мінск — Слуцк — Мікашэвічы. Апошні праект Лукашэнка падтрымаў. Як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы, рэалізацыя гэтага варыянту дазволіць давесці аўтадарогу «да параметраў першай катэгорыі».

«Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пытанні навядзення парадку ў населеных пунктах. Ён запатрабаваў, каб гэтым працэсам былі ахопленыя не толькі буйныя гарады і раённыя цэнтры, але і невялікія вёскі», — паведамляе прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?