Расійскія бронемашыны БТР-82а былі заўважаныя на здымках з Сірыі, хоць афіцыйна туды не пастаўляюцца

Расійскія бронемашыны БТР-82а былі заўважаныя на здымках з Сірыі, хоць афіцыйна туды не пастаўляюцца

Расія ніколі не хавала факты паставак ваеннай тэхнікі Дамаску, і пра гэта міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў у тэлефоннай размове з дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы — такімі слвамі ў панядзелак пракаментавала прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава гутарку міністраў, якая адбылася напярэдадні.

«Лаўроў пацвердзіў, што падобная дапамога заўсёды аказвалася і аказваецца і што расійскі бок ніколі не хаваў тое, што пастаўляе ваенную тэхніку афіцыйным сірыйскім уладам з мэтай барацьбы з тэрарызмам», — сказала Захарава.

Тэлефонная размова паміж Керы і Лаўровым адбылася 5 верасня па амерыканскай ініцыятыве. Кэры заявіў, што павелічэнне колькасці расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі ў рэгіёне можа прывесці да далейшай эскалацыі канфлікту, а таксама, як было заяўлена, «гібелі большай колькасці мірных жыхароў, павелічэнню патоку бежанцаў і рызыцы канфрантацыі з кааліцыяй, якая дзейнічае супраць» Ісламскай дзяржавы».

Чытайце таксама:

З'явіліся ФОТАсведчанні, што Расія ўзмацняе прысутнасць у Сірыі. Керы званіў Лаўрову

У канцы жніўня прэс-служба сірыйскай арміі распаўсюдзіла відэакадры з раёна горада Латакія, дзе ўрадавыя войскі вядуць баі супраць ісламісцкіх паўстанцаў з арганізацыі «Джаіш аль-Фатх». Эксперты сцвярджаюць, што на іх — найноўшая бронемашына БТР-82а, якая паступіла на ўзбраенне расійскай арміі толькі два гады таму.

У адрозненне ад БТР-80, гэты від тэхнікі Масква ў Сірыю афіцыйна не пастаўляла.

З'яўленне ў Дамаску БТР-82а назіральнікі звязваюць з міжземнаморскім ваяжам дэсантнага карабля расійскага Чарнаморскага флоту «Мікалай Фільчанкаў», які 20 жніўня прайшоў праз праліў Басфор і, як мяркуецца, мог даставіць у Сірыю партыю баявой тэхнікі.

Паколькі сірыйскія вайскоўцы не знаёмыя з БТР-82а, узніклі падазрэнні, што Масква таемна накіроўвае ў раён канфлікту не толькі зброю, але і свой персанал.

У мінулую пятніцу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прызнаў, што «мы аказваем Сірыі досыць сур'ёзную падтрымку тэхнікай і падрыхтоўкай ваеннаслужачых», аднак падкрэсліў, што гаварыць пра магчымасць прамога ўдзелу Расіі ў ваенных аперацыях супраць ІД заўчасна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?