Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Павел Знавец удзельнічаў ва ўсіх прэзідэнцкіх кампаніях апошняга часу. У 2010 годзе ён падтрымаў Яраслава Раманчука. Штодзённы пікет Знаўца знаходзіўся на Камароўскім рынку і сабраў 2655 подпісаў — рэкорд сярод дэмакратычных актывістаў. Ён мяркуе, што сёлетнія кандыдаты нават тэарэтычна не могуць набраць патрэбныя лічбы.

«Наша Ніва»: Спадар Павел, як вы ацэньваеце заявы Гайдукевічаў-Цярэшчанак-Улаховічаў, якія сцвярджаюць, што сабралі патрэбныя 100 тысяч подпісаў?

Павел Знавец: У 2006 годзе трэ’ было штампаваць падпісныя лісты ў райвыканкамах. І ў Маскоўскім райвыканкаме я за руку злавіў, як раскладвалі лісты за Лукашэнку і перапісвалі дадзеныя ў лісты за Гайдукевіча. Я кажу: «Што ж вы робіце?» Яны мяне і выгналі… Мне здаецца, ні ў адну сваю кампанію Гайдукевіч не сабраў больш за 2000 подпісаў.

Што тычыцца Цярэшчанкі… Гэта мой былы калега па Вярхоўным Савеце. Перш чым задаць пытанне, ён дзесяць разоў прасіў прабачэння ў Лукашэнкі. Мне здаецца, рэальных подпісаў Цярэшчанка на сёння сабраў максімум 1—2 тысячы. Ну, а ражаны атаман — гэта ўвогуле нуль.

«НН»: А ў апазіцыйных палітыкаў рэальныя лічбы?

ПЗ: У Караткевіч сітуацыя лепшая, якія-ніякія грошы зборшчыкам падплочваюць. Але ўсе разумеюць, што гэта «фэйкавая» фігура.

Што да Калякіна і Лябедзькі, я лічу, што яны колькасць сабраных подпісаў памнажаюць удвая-утрая. Яны могуць сабраць рэальных 20 тысяч подпісаў, пры велізарных намаганнях — 30 тысяч. Але спадзяюся, Калякін і Лябедзька не пойдуць на чатырохразовы падман выбаршчыкаў і не будуць удзельнічаць далей.

«НН»: Ваш прагноз: колькі працэнтаў галасоў атрымаюць кандыдаты, якія дойдуць да выбараў?

ПЗ: Я чуў інфармацыю, што нібыта гайдукевічцы прапаноўвалі, каб яму налічылі 10%, а ў Лукашэнкі было 70—75%. Але ж Лукашэнка хоча 90%!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?