Як да дыялогу ставяцца ўдзельнікі, эксперты, народ і якія перспектывы гэтай ініцыятывы?

Дыялог аб мадэрнізацыі: хто, з кім, пра што

Упершыню ідэя аб неабходнасці дыялогу прагучала ў лютым 2012 года падчас візіту ў Беларусь Гунара Віганда, дырэктара дэпартамента па пытаннях Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы замежнага дзеяння. Ён выказаў меркаванне, што рана ці позна Беларусь пачне неабходныя ёй сістэмныя рэформы, а Еўрасаюз гатовы дапамагчы нашай краіне да іх падрыхтавацца.

Ініцыятыва «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» была ўхваленая Радай міністраў замежных справаў Еўрасаюза 23 сакавіка 2012.

Дыялог аб мадэрнізацыі — гэта абмен поглядамі і меркаваннямі ЕС з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі аб тым, як магла б выглядаць сучасная Беларусь пры правядзенні неабходных рэформаў.

Гэтая ініцыятыва павінная дапамагчы сфармаваць больш дакладнае ўяўленне пра патэнцыял развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін, у тым ліку на аснове Еўрапейскай палітыкі суседства і «Усходняга партнёрства», а таксама аб патэнцыяле звязанай з гэтым падтрымкі з боку Еўрапейскага саюза.

«Я рады таму, што ў гэтыя цяжкія часы магу разам з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ініцыяваць станоўчы парадак дня па Беларусі. Спадзяюся, нашая сумесная ідэйная праца дапаможа растлумачыць нашае бачанне таго, як можа выглядаць сучасная і дэмакратычная Беларусь, і таго, што неабходна для рэалізацыі гэтага бачання. І гэтае бачанне грунтуецца не на пустых словах, а на канкрэтнай падтрымцы і дапамозе з боку ЕС», — заявіў еўракамісар Штэфан Фюле, абвяшчаючы аб пачатку ініцыятывы 29 сакавіка 2012.

Праца ў межах «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі» ідзе ў чатырох тэматычных рабочых групах: палітычны дыялог і палітычная рэформа; юстыцыя і ўнутраныя справы, у тым ліку мабільнасць, кантакты паміж людзьмі; эканамічныя і сацыяльныя рэформы, палітыка ў розных сектарах, у тым ліку прыватызацыя; рэформа гандлю і рынку, рэформа сістэмы рэгулявання.

Дыялог не закрыты і для ўлады. Больш за тое, на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці адразу пасля старту ініцыятывы большасць удзельнікаў выказвалася на карысць запрашэння уладаў.

Аднак афіцыйны Мінск даволі доўга ігнараваў магчымасць удзелу ў «Еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі». Толькі ў сярэдзіне зімы 2013 беларускія ўлады зацікавіліся ініцыятывай, выказаўшы незадаволенасць тым, што «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» адбываецца толькі з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Афіцыйны Мінск прапанаваў перайменаваць «Дыялог аб мадэрнізацыі» ў «Партнёрства па мадэрнізацыі» — аналаг расійскай праграмы супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

У рамках «Партнёрства» беларускія ўлады прапануюць ЕС супрацоўнічаць толькі з дзяржаўнымі ўстановамі. Глыбіню мадэрнізацыі афіцыйны Мінск збіраецца вызначаць сам. Па меры развіцця партнёрства беларускія ўлады гатовыя падключаць і грамадзянскую супольнасць, але толькі ў выглядзе падкантрольных ім грамадскіх арганізацый.

Чаму афіцыйны Мінск зацікавіўся «Дыялогам аб мадэрнізацыі» толькі праз год пасля яго старту? Шэраг экспертаў мяркуе, што справа тут у важным саміце яшчэ адной еўрапейскай праграмы — «Усходняга партнёрства», які адбудзецца ў лістападзе ў Вільні.

Большасць не ў курсе

Тым часам значная частка беларускага грамадства не ведае пра ініцыятыву ЕС і пра ход дыялогу. Паводле дадзеных нацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльных, эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) у верасні 2012 года, праз паўгода пасля старту праграмы, толькі 20,9% жыхароў краіны ведалі ці нешта чулі пра «Дыялог аб мадэрнізацыі».

З іншага боку, адзначаюць эксперты НІСЭПД, колькасць інфармаваных паступова расце: калі ўвосень іх было 20,9%, то ў снежні — 25,3%. Калі восенню лічылі, што «такая праграма патрэбная Беларусі», 40,3%, то ў снежні — ужо 48%.

Аднак «еўрапеізацыя» грамадскай думкі мае хутчэй прагматычны, чым каштоўнасны характар. На пытанне: «Якога кшталту дапамогу ў мадэрнізацыі Беларусі, на вашую думку, мог бы аказаць Еўрасаюз?» беларусы ў першую чаргу адзначаюць «перадачу сучасных тэхналогій» і «прадстаўленне крэдытаў» (42,2% і 36% адпаведна). «Кансультацыйную дапамогу ў правядзенні рэформаў» палічыла важнай крыху больш за чвэрць апытаных (28,4%).

Як нам рэфармаваць Беларусь?

Стаўленне Брусэля да «Дыялогу аб мадэрнізацыі», на думку прадстаўніка Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» у Брусэлі Алены Зуйковай, у цэлым вельмі пазітыўнае. Ініцыятыва сустракае падтрымку як з боку структур Еўрапейскага саюза, так і з боку краін — сябраў ЕС. І гэты пазітыўны кантэкст можа быць выкарыстаны для прыцягнення большай увагі да Беларусі ў цэлым.

Еўрапейскія чыноўнікі спадзяюцца надаць праграме дынамікі, уключыўшы нарэшце ў дыялог і беларускія ўлады. Пра гэта 20 лютага 2013 на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці — каардынатарамі ініцыятывы заявіў еўракамісар Штэфан Фюле. Ён таксама падкрэсліў важнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі як аднаго з прыярытэтаў ЕС.

«Дыялог аб мадэрнізацыі» — вельмі добры прыклад, які паказвае, што грамадзянская супольнасць гатовая зрабіць важны ўклад у мадэрнізацыю краіны, — адзначыў Фюле. — Я спадзяюся, беларускія ўлады заўважаць гэтую гатоўнасць і зробяць уласны ўклад у гэты дыялог. Я лічу, што гэта важны інструмент для падрыхтоўкі неабходных рэформаў па мадэрнізацыі краіны».

Наколькі імаверны ўдзел уладаў у «Дыялогу аб мадэрнізацыі», асабліва ў святле актывізацыі намаганняў афіцыйнага Мінска па нармалізацыі адносін з ЕС і ў чым можа быць яго вынік?

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў так апісвае сённяшнюю сітуацыю: «Пакуль мы амаль не бачым рэальных дзеянняў уладаў па супрацоўніцтве ў рамках» Дыялогу аб мадэрнізацыі».

З іншага боку, адзначае палітолаг, магчымасці могуць з’явіцца і з’яўляюцца там, дзе ўлады з нейкіх прычынаў не могуць не пайсці на кантакт з грамадзянскай супольнасцю. У прыватнасці, пэўнае збліжэнне ёсць па пытаннях вышэйшай адукацыі, у тым, што датычыць уступлення Беларусі ў Балонскі працэс.

Андрэй Ягораў лічыць «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» патрэбнай і карыснай ініцыятывай.

«Гэты працэс вельмі важны. І ў першую чаргу для ўзгаднення пазіцый розных беларускіх суб’ектаў адносна магчымых пераўтварэнняў у Беларусі. Акрамя таго, гэта абмеркаванне дапамогі ЕС, якая можа быць аказаная нашай краіне ў выпадку пачатку трансфармацыі. Сэнс і ключавая задача дыялогу — узгадненне пазіцый», — падкрэслівае эксперт.

Ёсць і канкрэтныя вынікі — у прыватнасці, група, якая займаецца палітычным дыялогам, падрыхтавала канцэпцыю рэформы мясцовага самакіравання, якая найбліжэйшым часам будзе шырока абмяркоўвацца, адзначае Андрэй Ягораў.

«Апошнія падзеі могуць паўплываць на адносіны паміж Беларуссю і ЕС у цэлым. Уласна кажучы, „Дыялог аб мадэрнізацыі“ быў прыдуманы тады, калі адносіны былі ў стане халоднай вайны. Гэта была спроба рабіць хоць што-небудзь», — лічыць палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст.

На яго думку, падключэнне да дыялогу экспертаў з боку афіцыйнага Мінска «нічога па сутнасці не зменіць». Калі бакі прыйдуць да пагаднення, можна будзе вярнуцца да прамежкавага плана, які быў распрацаваны ў 2010 годзе і ўяўляў сабой праграму рэальнага ўзаемадзеяння.

«Без вялікай палітычнай угоды ўдзел урадавых экспертаў у дыялогу аб мадэрнізацыі будзе мець прыкладна такі ж эфект, як удзел беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ», — лічыць Юры Дракахруст.

А вось акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Аляксей Пікулік мяркуе, што перспектывы ў «Еўрапейскага дыялогу» ёсць і залежаць яны як ад мэтаў праграмы, якія будуць фармаваць беларускія ўдзельнікі, так і ад таго, як на ініцыятыву адрэагуе афіцыйны Мінск.

«Паводле майго цвёрдага пераканання, без удзелу прадстаўнікоў дзяржавы ўвесь праект так і застанецца на ўзроўні „клуба аматараў“, якія ў вольны час канструююць светлую будучыню для Беларусі», — адзначае Аляксей Пікулік. — Наколькі мне вядома, Штэфан Фюле атрымліваў пазітыўныя сігналы з Мінска з нагоды «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі» падчас тбіліскай сустрэчы з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем. Праўда, дэкларацыя аб намерах не ёсць канкрэтным вынікам. Але цалкам магчыма, што пэўныя зрухі адбудуцца».

Магчыма, дыялог удасца актывізаваць і з дапамогай новых ініцыятываў. У ходзе красавіцкай дыскусіі ў рамках «Дыялогу аб мадэрнізацыі» намеснік міністра замежных справаў Польшчы, выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі Ежы Памяноўскі заявіў, што Польшча прапануе пашырыць дыялог на новыя сферы: праекты для мясцовых уладаў у сферы транспарту, кіраванне адходамі, прыстасаванне інфраструктуры для патрэбаў інвалідаў, а таксама навучальныя праграмы для работнікаў розных галін, банкіраў, настаўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?