Першая ахвяра швейцарскай электрычкі

Трагедыя здарылася ў Баранавічах. Следчыя мяркуюць, што пенсіянерка не пачула набліжэнне цягніка.

27.12.2011 / 10:41

Фота Людмілы Пракопавай, Intex-press.by.

Трагедыя адбылася на чыгуначных шляхах каля следчага ізалятара № 6 г. Баранавічы днём 23 снежня.

Як паведаміла памочнік пракурора Баранавіцкай транспартнай пракуратуры Таццяна Войтава, жанчына, якая жыве ў гэтым жа мікрараёне — у доме па вуліцы Брэсцкай, была смяротна траўміраваная швейцарскай рэгіянальнай электрычкай, калі пераходзіла чыгуначнае палатно па пешаходным насціле.

«Як распавялі сваякі загінуўшай, пенсіянерка не бачыла на адно вока, таксама ў яе былі праблемы са слыхам. Гледзячы па ўсім, з-за гэтага яна і не пачула гуку надыходзячага цягніка», — патлумачыла памочнік пракурора.

Па інфармацыі Таццяны Войтавай, на ўчастку, дзе адбылася трагедыя, электрацягнік Stadler рухаецца з хуткасцю 100 км/г.

У цяперашні час па факце гібелі гараджанкі праводзіцца праверка.

З пачатку года ў Баранавіцкім транспартным рэгіёне, па дадзеных транспартнай пракуратуры, на чыгунцы было зарэгістравана 25 выпадкаў траўміравання грамадзян, у тым ліку 14 смяротных.