Андрэй Арамнаў: «Я больш так не буду»

«Я аформіў дакументы на ўласны легкавік, у выніку чаго не стрымаўся і выпіў піва». Рэпартаж Сямёна Печанко з залы суду + фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч.

29.05.2009 / 11:21

«Я аформіў дакументы на ўласны легкавік, у выніку чаго не стрымаўся і выпіў піва». За неаднаразовае кіраванне аўто ў нецвярозым стане алмпійскага чэмпіёна пакаралі штрафам 150 базавых велічыняў (5 млн 250 тыс. рублёў). Рэпартаж Сямёна Печанко з залы суду + фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч.

29 мая ў Барысаўскім міжгарнізонным вайсковым судзе была разгледжаная крымінальная справа ў дачыненні да алімпійскага чэмпіёна Андрэя Арамнава, якога паўторна затрымалі за рулём аўтамабіля ў стане алкагольнага ап’янення.

На суд алімпійскі чэмпіён прыйшоў у аранжавай байцы з капюшонам у суправаджэнні пяці мужчынаў (як высветлілася ў судзе, то былі трэнеры, прадстаўнікі спартыўнага клубу «Дынама»).

Пабачыўшы фатографаў, Андрэй спыніўся перад брамай вайсковага суду. «Вы што, звар’яцелі?!» — запытаў ён у журналістаў, спрабуючы нацягнуць на галаву капюшон. Ягонаму трэнеру давялося некалькі разоў прасіць таго прайсці у суд. Спартовец ускочыў у будынак нізка нахіліўшы галаву ды схаваўшыся за спіны сваіх таварышаў. Не абышлося без прыгодаў і ў зале суду: «Трэба было ў Пекіне фатаграфаваць! А то ў «Камсамолцы» толькі два здымкі было, і ўсё», — не сунімалася світа чэмпіёна. Журналістаў пры гэтым звінавацілі ў тым, што сёння Арамнаў не зможа трэніравацца, а яму ж трэба было ў гэты дзень «дзесяць тонаў падняць».

Акрамя журналістаў ды суправаджэння спартоўца ў судзе нікога не было — ні прыхільнікаў, ні родных. Адчувалася, што ў такой цеснай кампаніі прадстаўнікі прэсы былі нежаданымі гасцямі.

На судзе старшыняваў палкоўнік юстыцыі Каранеўскі А.П. На яго пытанні знакаміты парушальнік, які ў судзе бараніўся самастойна, адказваў не гучна, часта забываў устаць, калі да яго звяртаўся Высокі суд. «Вы не рыхтаваліся да паседжання? — спытаў суддзя. —

Я здагадваўся, якім будзе вынік, таму рыхтаваўся слаба» — быў адказ.

Са словаў дзяржаўнага абвінаваўцы стала вядома, што алімпійскага чэмпіёна двойчы затрымлівалі за кіраванне аўто ў нецвярозым стане — у снежні 2008 г. і лютым 2009 г. Пасля першага выпадку яго пазбавілі права кіраваць аўтамабілем тэрмінам на тры гады ды пакаралі штрафам у 1050000 рублёў. Другое затрыманне пацягнула за сабой крымінальную справу, якую распачалі ў сакавіку паводле ч. 2 арт. 317‑1 КК (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе ці адмова ад праходжання праверкі (агляду)). Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, папраўчых працаў да двух гадоў, ці арышту да шасці месяцаў.

Справу накіравалі ў вайсковы суд, бо Арамнаў ад студзеня 2008 году ён служыць на кантрактнай аснове інструктарам па фізічнай падрыхтоўцы ў сталічнай вайсковай часці № 5448 (ад верасня 2008 г. — прапаршчык).

Адказваючы на пытанні абвінаваўцы, Арамнаў казаў, што дакладна не памятае датаў, калі яго затрымлівалі. Па яго словах, у часе апошняга затрымання

ён адмовіўся ад правядзення экспертызы, бо з «мінулага вопыту» ведаў, што алкаголь у крыві знойдуць.
«Тады я неяк не разумеў, што раблю. Цяпер усё зразумеў і раскайваюся». На пытанне суду, чаму ўсё ж ён парушаў правілы дарожнага руху, спартовец адказаў, што на яго паўплываў «вялікі поспех у Пекіне» і малады ўзрост. Спартовец не адзін раз ужыў у судзе слова «беспакаранасць», некалькі разоў паўтарыў, што не верыў, што ў той дзень (28 лютага 2009 г. — НН) яго могуць спыніць, што ўсё сыдзе з рук. Акурат пасля першага затрымання ён атрымаў трохпакаёўку ў сталіцы, іншыя ўзнагароды, а перад апошнім інцыдэнтам аформіў дакументы на ўласны легкавік, у выніку чаго не стрымаўся і «выпіў піва».

Абвінаваўца запатрабаваў для Андрэя Арамнава пакаранне ў выглядзе штрафу гэтым разам у пяць разоў большага.

«Я больш так не буду» — заявіў у апошнім слове абвінавачаны.
«У маім жыцці многае перавярнулася пасля гэтага здарэння, я адчуваю, што стаў дарослым, паразумнеў» — казаў алімпіец. Ён цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Высокі суд гэта ўлічыў і праз гадзіну вынес вердыкт, які цалкам супаў з прапановай дзяржаўнага абвінавачання. Вырак уступіць у сілу цягам дзесяці сутак, за гэты час Арамнаў можа абскардзіць яго ў Беларускім вайсковым судзе.

«У мяне ўсё нармальна! Чакайце новых заваёваў на сусветных спаборніцтвах!» — сказаў спартовец журналістам на развітанне. Выглядаў ён задаволеным.

Сямён Печанко, Барысаў‑Менск

Алімпійскі чэмпіён усяляк ухіляўся ад фотакамер

Трэнеры Арамнава захіналі яго ад журналістаў

Арамнаў увесь час паварочваўся да прэсы спіной

У залі суда трэнеры зрабілі жывую заслону ад журналістаў